навіны

Дракахруст: Лукашэнку не абавязкова напаткае лёс Асада

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Башара Асады і Аляксандра Лукашэнкі ля рэзідэнцыі кіраўніка беларускай дзяржавы. Менск, Беларусь. 26 ліпеня 2010 года. Фота: president.gov.by
Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Башара Асады і Аляксандра Лукашэнкі ля рэзідэнцыі кіраўніка беларускай дзяржавы. Менск, Беларусь. 26 ліпеня 2010 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

10 снежня падчас наведвання ААТ «ПАЖСНАБ» у Барысаве Лукашэнка папрасіў задаваць яму найбольш «гадкія» пытанні. У сваіх адказах ён закрануў розныя тэмы – пачынаючы ад стасункаў з будучым урадам Сірыі да супрацьдзеяння COVID-19 у 2020-м. Мы, у сваю чаргу, папрасілі пракаментаваць адказы Лукашэнкі вядомага журналіста радыё «Свабода» і палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста. 

Сірыя


Лукашэнка вельмі асцярожна згадаў падзеі, якія апошнім часам адбываюцца ў Сірыі. Ён падкрэсліў, што «Сірыю ў свой час ператварылі ў палігон для выпрабаванняў» і што ў гэтай краіне зараз барацьбу вядуць асноўныя сусветныя гульцы. На думку Лукашэнкі, гэта толькі пачатак, і ў гэтай краіне хутка разгорнецца барацьба за ўладу. Але пры гэтым падкрэсліў, што «для нас важны вопыт» Сірыі.

На думку Юрыя Дракахруста, наўрад ці Аляксандр Лукашэнка баіцца гэтага вопыту. Журналіст падкрэсліў, што зараз многія выказваюць думку, нібыта тое, што адбылося з Асадам – гэта ўзор для Лукашэнкі і, магчыма, ягоны будучы лёс. Але пры гэтым падзеі ў Сірыі, кажа Дракахруст, параўноўваюць з падзеямі ў Афганістане ў 2021 годзе, калі тагачасны рэжым таксама склаўся як картачны дамок. Аднак той афганскі рэжым не быў дыктатарскім, а фармальна з’яўляўся нават дэмакратычным. Праўда, з таго, што афганскі рэжым абрынуўся, ніхто не рабіў высноваў, што ўсе дэмакратычныя рэжымы прырэчаныя на такі фінал. Гэтак жа і досвед Асада і Сірыі не сведчыць, што ўсе аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы прырэчаныя на такі лёс.

Антыўрадавы баец размахвае ісламскім сцягам на танку ў Дамаску пасля падзення прэзідэнта Башара Асада. Дамаск, Сірыя. 9 снежня 2024 года. Фота: Omar Haj Kadour / AFP / East News
Антыўрадавы баец размахвае ісламскім сцягам на танку ў Дамаску пасля падзення прэзідэнта Башара Асада. Дамаск, Сірыя. 9 снежня 2024 года. Фота: Omar Haj Kadour / AFP / East News

Журналіст падкрэсліў, што яму падалася цікавай заява Лукашэнкі, сказаная ў кантэксце размовы пра Сірыю, маўляў, «мы павінны свой лёс вызначаць самі». Яна, на думку Юрыя Дракахруста, азначала, што «саюзнікі часам могуць цябе і забыць», што ў Сірыі і адбылося. Лукашэнка мог зрабіць для сябе высновы: Расея не абавязкова будзе дапамагаць у любым выпадку, а значыць, трэба спадзявацца найперш на сябе.

Каб зразумець пазіцыю афіцыйных беларускіх уладаў адносна падзеяў у Сірыі, палітычны аналітык раіць звярнуць увагу на дзве рэчы. Па-першае, на учорашнюю заяву прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант: «За развіццём падзеяў у Сірыі мы ўважліва назіраем. Хоць і не з’яўляемся зацікаўленым гульцом у рэгіёне і ніякім чынам не ўмешваемся ва ўнутраныя справы». Па-другое – на той факт, што на амбасадзе Сірыі ў Маскве яшчэ ўчора замянілі сцяг на палотнішча, пад якім выступалі паўстанцы, а ў Беларусі – не і пакінулі флагшток пустым. 

«То бок пазіцыя такая, мы ў дамку, мы ні з кім сябе не асацыюем. Я б сказаў, што гэта нават пэўная шпілька Маскве ў тым сэнсе, што Масква ў Сірыі прайграла, бо шмат туды інвеставала, згубіла людзей, грошы, а Лукашэнка – не, бо з Сірыяй велізарных сувязяў не было… У тую вайну Беларусь ніяк не была ангажаваная, нават ускосна. І калі ў расейцаў тон сумны, яны вельмі збянтэжаныя і адчуваюць, што прайгралі, то ў Беларусі лічаць: ну, бывае і так», – кажа палітычны аглядальнік. 


Ковід быў форс-мажорам


Адным з закранутых пытанняў падчас выступлення Лукашэнкі стала пытанне COVID-19. На ім асаблівы акцэнт зрабіла прапаганда, звяртаючы ўвагу на тое, што ў кангрэсе ЗША нібыта зараз прызналі, што лакдаўн і нашэнне масак падчас эпідэміі, магчыма, не былі эфектыўнымі сродкамі змагання з захворваннем. Прыблізна пра тое ж у свой час казаў Лукашэнка. Трыумфуючы, прапаганда падкрэслівала гэты факт. Ці ўсведамляе прапаганда і беларускія ўлады, што менавіта стаўленне Лукашэнкі да ковіду стала адной з важных прычын узнікнення пратэстаў у 2020-м? 

На думку Юрыя Дракахруста, такое ўсведамленне ёсць, і яго нават на афіцыйным узроўні транслюе той жа прапагандыст Ігар Тур.

«Але мне здаецца, што ўлады не лічаць, што яны не мелі рацыі. Яны лічаць так: мы рабілі правільна, але гэта быў форс-мажор, мы не маглі дзейнічаць інакш. Я думаю, яны вось так трактуюць гэтую сітуацыю», – адказаў Юрый Дракахруст. 

Пустая Кастрычніцкая плошча на ​​фоне мер засцярогі ад пандэміі Covid-19 у Менску, Беларусь. 5 красавіка 2020 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Пустая Кастрычніцкая плошча на ​​фоне мер засцярогі ад пандэміі Covid-19 у Менску, Беларусь. 5 красавіка 2020 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images

Пра эканамічныя дасягненні


Падчас сустрэчы Лукашэнкі з працаўнікамі прадпрыемства гучалі пытанні пра эканамічныя поспехі беларускай прамысловасці на знешніх рынках. «Белсат» спытаў у Юрыя Дракахруста, ці былі тыя пытанні агучаныя для пацехі Лукашэнкі або для падбадзёрвання саміх людзей перад выбарамі, што не ўсё так кепска.

Палітычны аглядальнік лічыць, што гэта можа быць у тым ліку і падбадзёрванне, але найперш ён звярнуў увагу, што гэтыя паказчыкі сапраўды някепскія: па выніках году ВУП вырас на 4 %, рост сярэдніх заробкаў – каля 15 %. Што ж тычыцца рынкаў, то з імі крыху горш, бо рынкі Еўропы і Украіны папросту адваліліся, але дзякуючы Расеі тое-сёе атрымалася кампенсаваць. 

«Таму ў гэтым сэнсе сказаць, што цяперашняя эканамічная сітуацыя – гэта правал і крах? Ну, не крах. І як бы мы з вамі кепска ні ставіліся да гэтай улады, але гэта так. Што не значыць, што так будзе вечна. Бо, гледзячы па ўсім, так рана паставілі выбары, таму што эканамісты кажуць, што эканоміка перагрэтая, што вельмі няўстойлівы курс, які падае ў Расеі, а курс беларускі [беларускага рубля. – Заўв. рэд. «Белсату»] ад яго залежыць. Таму, каб не дачакацца ў сярэдзіне году істотнага падзення курсу і, магчыма, эканомікі, вырашылі як мага бліжэй правесці гэтыя выбары, вынікі падвесці, а потым ужо – пагоршыцца сітуацыі, то сацыяльная рэакцыя на гэтае пагаршэнне не выплюхнецца ў нейкіх паводзінах падчас выбараў. Я думаю, разлік быў такі, і таму іх так рана прызначылі», – адзначыў Юры Дракахруст. 

Ці будзе Лукашэнка «ператрахіваць» урад


Юры Дракахруст дапусціў, што пасля выбараў Лукашэнка можа поўнасцю змяніць цяперашні ўрад, і звярнуў увагу на тое, што Раман Галоўчанка цяпер займае другі радок у рэйтынгу прэм’ераў, якія найдаўжэй займалі гэтую пасаду ў найшноўшай беларускай гісторыі. Больш за яго прэм’ер-міністрам быў толькі Сяргей Сідорскі. Гэта «даўгавата», на думку Дракахруста, пагатоў нельга сказаць, што на рахунку Галоўчанкі былі нейкія вялікія здзяйсненні.

,,

«Плюс да ўсяго мы бачым новыя кадравыя веянні, у дадзеным выпадку маю на ўвазе вяртанне Пяткевіч, а асабліва яскравы – гэта, канечне, новы кіраўнік адміністрацыі Дзмітры Крутой… Магчыма, будзе жаданне прызначыць на пост прэм’ера Крутога, але не выключана, што на пост Галоўчанкі могуць паставяць больш маладога. Можа, Турчына, якога Лукашэнка ў свой час хваліў», – адзначыў палітычны аналітык.


Акрамя таго, Юры Дракахруст дапусціў, што на фоне размоваў пра магчымы транзіт павінна быць нейкая іншая фігура, якая б разглядалася як магчымы пераемнік. І ў гэтым сэнсе з розных пунктаў гледжання кіраўнік адміністрнацыі Дзмітрый Крутой у гэтай ролі выглядае лепш, чым Галоўчанка. 

Pаман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10