Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» размесціў на сваёй старонцы ў Facebook абвестку, што больш не прымае гуманітарнай дапамогі ў выглядзе адзення і абутку, і растлумачыў такое рашэнне некалькімі прычынамі.
Працаўнікі фонду даведаліся, што адзенне і абутак, якія яны передавалі бясплатна тым, хто быў у патрэбе, прадаецца на рынку «Gariūnai» у Вільні. Акрамя таго, убачылі на сметніку дзіцячыя цацкі, што за 10 хвілінаў да гэтага забралі людзі, якім тыя былі нібыта патрэбныя.
,,«Мы былі засмучаныя, калі адзін беларус напісаў у Instagram, што мы нібыта патрабавалі з яго грошы. Мы памятаем, як гэты чалавек з жонкай набралі шмат адзення, і ім спатрэбілася таксі, каб усё гэта перавезці. Мы папрасілі зрабіць ахвяраванне ў фонд памерам 10 еўраў ‒ ён перавёў 7 еўраў, ‒ адзначае фонд. ‒ На працягу чатырох гадоў мы раздавалі якасную, часта новую гуманітарную дапамогу беларусам, і ведаем, што для многіх яна была важнай падтрымкай. Мы ўдзячныя за вашыя цёплыя словы».
Працягне працаваць тэлеграм-чат фонду «Віртуальны склад», там можна дзяліцца рэчамі, якія могуць спатрэбіцца іншым.
«Мы шчыра верым у тое, што гэтая дапамога важная для людзей, якія сапраўды ў ёй маюць патрэбу», ‒ піша фонд.
Марыя Міхалевіч belsat.eu