Прынамсі ў двух гарадах Беларусі зачыніліся шапікі «Табакеркі», дзе ў тым ліку ‒ практычна ва ўмовах манаполіі ‒ прадаваліся квіткі на грамадскі транспарт. Гэта выклікала нараканні пасажыраў. Улады і прадстаўнікі сеткі абяцаюць, што кіёскі зноў запрацуюць, але не могуць вызначыцца з часам.
Як піша NewGrodno.By, нядаўна ў Горадні масава зачыніліся кіёскі «Табакеркі» на прыпынках транспарту. Паколькі там таксама прадаваліся квіткі на аўтобусы і тралейбусы, то закрыццё выклікала праблемаў для гараджанаў.
,,«Я ледзь на працу не спазнілася. Праз звычку заўсёды купляла ў такім кіёску талоны. Расплачвалася картай. А ў кіроўцы ў аўтобусе, аказваецца, набыць талон можна толькі за наяўныя грошы, а я іх з сабой і не брала. Што рабіць? Навошта так падводзіць людзей?» ‒ скарадзіліся гарадзенцы.
Паводле Newgrodno.by, закрыццё звязанае са зменай уласніка кіёскаў. Як заяўляецца, афармленне дакументаў зойме каля двух тыдняў, пасля чаго «Табакёркі» павінны пачаць працаваць ізноў.
У тэлеканале «Гродно Плюс» пацвердзілі, што зачыніліся 70 кіёскаў, палова ўсіх, але заклікалі не «ставіць знаку роўнасці паміж працай кіёскаў і аплатаю праезду ў грамадскім транспарце», шукаць «магчымасці, а не апраўдання». Выданне адзначае, што шапікі пачнуць працаваць з 10 кастрычніка.
Горадня ‒ не адзіны горад Беларусі, дзе перасталі працаваць «Табакеркі». Напрыклад, у Баранавічах з 1 кастрычніка зачыніліся 27 кіёскаў. У звязку з чым улады рэкамендуюць купляць талоны ў білетаматах, устаноўленых на 22 прыпынках, і ў спецыялістаў аўтапарку, піша «Наш Край».
Карэспандэнт «Zerkalo» пад выглядам мясцовага жыхара патэлефанаваў у гарадзенскі і берасцейскі філіялы кампаніі «Энерга-Оіл», што кіруе сеткаю «Табакерак». Там пацвердзілі, што шапікі маюць ізноў запрацаваць, але даты не назвалі.
«Цяпер ідзе рэарганізацыя прадпрыемства. Вобразна кажучы, яно дзеліцца на два. Трэба пачакаць, пакуль адна арганізацыя здае, а другая прымае. „Табакеркі“ запрацуюць на тых жа месцах, дзе яны цяпер стаяць», ‒ адказалі ў берасцейскім філіяле.
Паводле работніцы, гэтыя працэсы зоймуць «каля трох тыдняў, максімум ‒ месяц». Пасля адкрыцця ў гандлёвых пунктах плануюць прадаваць той жа асартымент, што і раней.
У гарадзенскім філіяле выказалі меркаванне, што «цягам двух тыдняў „Табакеркі“ будуць працаваць так, як і раней».
Улады Беларусі доўгі час змагаліся з шапікамі на прыпынках. 29 снежня 2008 года намеснік старшыні камітэту эканомікі Менскага гарвыканкаму Аляксандр Каліноўскі адрапартаваў журналістам, што ўсе камерцыйныя кіёскі ў Менску на прыпынках дэмантаваныя, бо такая форма гандлю «сябе зжыла».
Але ў 2019 годзе кіёскі вярнуліся ў выглядзе манаполіі, права на якую атрымаў Аляксей Алексін, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі, і ягоная кампаніі «Энерга-Оіл». У студзені 2021-га стала вядома, што Алексін перапісаў кампаніі на сыноў, меркавана, баючыся санкцыяў. А ў жніўні 2021 года кампанія «Энерга-Оіл» апынулася пад санкцыямі. У красавіку 2022-га ўказам Лукашэнкі бізнес Алексіна выключылі са спісу кампаніяў, што маюць выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны і вырабаў.
Якуб Хруст belsat.eu