Шэраг палітыкаў і арганізацыяў з дэмакратычных краінаў свету выказаліся з нагоды 4-й гадавіны апошніх прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў, а такама цяперашнай сітуацыі ў Беларусі. Мы сабралі іхныя заявы.
Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністарка Літвы:
«Праз 4 гады пасля чарговых сфальсіфікаваных выбараў і жорсткага разгону пратэстаў Лукашэнка ўтрымлівае ўладу і цалкам падпарадкоўваецца Пуціну. Ён ператварыў Беларусь у саўдзельніцу расейскай вайны супраць Украіны і ўтрымлівае каля 1400 палітвязняў. Дэмакратычны свет не павінен зноў паддавацца на ягоныя фіктыўныя „жэсты добрай волі“ — хватка дыктатара мацнейшая. Адзіны шлях да дэмакратыі ў Беларусі ляжыць праз перамогу Украіны, а не праз вяртанне да звычайных справаў».
Вікторыя Чміліце-Нільсен, спікерка Сейму Літвы:
«Чатыры гады фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Сёння Вільня застаецца маяком для тых, хто працягвае змаганне за сваю еўрапейскую будучыню. Разам мы выступаем за свабодную, справядлівую і дэмакратычную Беларусь».
Тобіас Більстрэм, міністр замежных справаў Швецыі:
«Прайшло чатыры гады з таго часу, як рэжым Лукашэнкі незаконна і жорстка скраў выбары ў Беларусі. Але Швецыя будзе стаяць за беларускі народ і яго бясспрэчнае права зноў мець дэмакратыю і свабоду. Святлана Ціханоўская — лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі, і мы яе падтрымліваем».
Эліна Валтанен, міністарка замежных спіраваў Фінляндыі:
«Сёння — чацвёртая гадавіна фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна адстаяць сваё права выбіраць сваю будучыню. Фінландыя падтрымлівае дэмакратычную Беларусь і яе народ».
МЗС Нарвегіі:
«Чатыры гады таму народ Беларусі мірна пратэставаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Яго імкненне да свабодных і справядлівых выбараў было жорстка падаўленае. За кратамі застаюцца 1400 палітвязняў. Іх трэба вызваліць».
Маргус Цакхна, міністр замежных справаў Эстоніі:
«Чатыры гады таму беларусы мірна выйшлі на вуліцы пасьля фальшывых прэзідэнцкіх выбараў рэжыму Лукашэнкі. Эстонія падтрымлівае народ Беларусі, які працягвае імкнуцца да свабоды і дэмакратызацыі сваёй краіны».
Жузэп Бурэль, прадстаўнік Еўразвязу ў замежнай палітыцы:
«Чатыры гады таму беларусы ішлі на выбары з надзеяй на дэмакратычныя перамены. Замест гэтага яны ўбачылі масавыя фальсіфікацыі выбараў, жорсткі разгон, ізаляцыю і рост залежнасці ад Расеі. Мы працягнем падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы».
Паведамленне Еўрапейскай службы знешніх сувязяў:
«Чатыры гады таму, 9 жніўня, жыхары Беларусі выйшлі на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі пазбавіць іх права вырашаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы і дэмакратычную будучыню сваёй краіны.
Рэжым Лукашэнкі адказаў масавай кампаніяй гвалту і запалохвання ўласнага народа. Цяпер у зняволенні знаходзяцца каля 1400 палітвязняў. <…> Лукашэнка распачаў татальныя рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, свабодных СМІ і журналістаў, палітычных апанентаў, дзеячаў незалежных прафсаюзаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, і ўрэшце супраць усіх звычайных грамадзянаў, якія выказваюць свае погляды, як у краіне, так і за яе межамі.
Прынамсі шэсць палітвязняў загінулі ў зняволенні, і многія з іх утрымліваюцца без права зносін больш за год. <…> Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых.
<…> ЕЗ застаецца аб’яднаным у сваёй падтрымцы адважных людзей Беларусі, беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы. Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЕЗ прадаставіць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання яе інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны план эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 мільярдаў еўраў. Мы і надалей будзем дамагацца таго, каб голас беларускага народу быў пачуты».
Бэн Кардзін, кіраўнік камітэту па міжнародных зносінах Сенату ЗША:
«Сёння і кожны дзень я стаю з Беларуссю. Праз чатыры гады з пачатку кампаніі рэпрэсіяў Лукашэнкі мы павінны працягваць адвакацыю 1385 палітвязняў у беларускіх турмах. Мы не можам апускаць рукі».
Артур Міхальскі, спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па супрацы з беларускім дэмсіламі:
«Чатыры гады таму беларускі народ нагадаў пра сваё фундаментальнае права жыць свабодна. Аўтарытарныя ўлады адказалі маштабнымі жорсткімі рэпрэсіямі. Рэпрэсіі не сціхаюць, але не сціхае таксама імкненне беларусаў жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне».
Марка Каплімаа, спецпрадстаўнік МЗС Эстоніі па супрацы з беларускімі дэмсіламі:
«Чатыры гады таму ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. На фоне сістэматычных рэпрэсіяў, адвольных затрыманняў і жорсткага гвалту дыктатар Лукашэнка абвясціў перамогу, атрымаўшы абсурдныя 81% галасоў».
Жанэт Сотнэр, амбасадарка Канады ў Літве:
«Я ведаю Святлану Ціханоўскую з кастрычніка 2020 года — яна нястомна імкнецца пракласці шлях да дэмакратыі для Беларусі».
Грэт Сіласэн, амбасадарка Даніі ў Літве:
«Чатыры гады, як беларускі народ выйшаў на вуліцы падтрымаць Святлану Ціханоўскую. Нястомная барацьба за свабоду, справядлівасць і правы чалавека працягваецца. Данія працягвае падтрымліваць Беларусь».
Амбасада ЗША ў Беларусі:
«9 жніўня 2020 года беларусы выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Праз чатыры гады за кратамі застаюцца больш за 1400 палітвязняў. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення і падтрымліваем беларускі народ і яго дэмакратычныя памкненні. Тысячы людзей былі вымушаныя пакінуць краіну».
Кэтрын Годзін, амбасадарка Канады ў Польшчы:
«У жніўні 2020 года Беларусь выказала надзею на дэмакратычную будучыню на выбарах і мірных акцыях пратэсту. З таго часу гэтыя людзі зазналі рэпрэсіі з боку ўраду, які парушае іхныя правы і мір. Канада працягвае падтрымліваць беларусаў».
Рабэрта Мецола, прэзідэнтка Еўрапарламенту:
«Народ Беларусі павінен быць свабодным. 4 гады з дня фальсіфікацыі выбараў. Падтрымка дэмакратычнай Беларусі застаецца непахіснай. Эпоха дыктатараў скончыцца».
МЗС Латвіі:
«У 2020 годзе беларусы пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў. Лукашэнка павярнуўся супраць народу і страціў легітымнасць. Латвія салідарная з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю».
МЗС Славеніі:
«Чатыры гады таму беларускі народ быў пазбаўлены права свабодна выбіраць сваю будучыню. Славенія працягвае стаяць на баку беларускага народу і падтрымлівае яго імкненне да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
МЗС Аўстрыі:
«Чатыры гады таму беларусам было адмоўлена ў дэмакратычных правах свабодна абіраць законных лідэраў. Прыблізна 1400 палітычных зняволеных, працягваюцца рэпрэсіі. Мы выступаем за дэмакратычную і незалежную #Беларусь і заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў».
МЗС Ірландыі:
«Чатыры гады таму народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Ірландыя і ЕЗ будуць працягваць падтрымліваць іх, калі яны мужна адстойваюць свае правы чалавека і дэмакратычную будучыню».
Місія ЗША пры АБСЕ:
«9 жніўня спаўняецца 4 гады з моманту крадзяжу рэжымам Лукашэнкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. З таго часу беларускія ўлады пачалі жорсткія рэпрэсіі супраць тых, хто адважваецца выказваць апазіцыю ці іншадумства. Мы заклікаем да безумоўнага вызвалення больш за 1400 палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі, і працягваем падтрымліваць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай будучыні».
Робін Вагенер, упаўнаважаны ўраду Нямеччыны па сувязях з прадстаўнікамі расейскага і беларускага грамадстваў у выгнанні:
«9 жніўня — гадавіна фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Чатыры гады таму, летам 2020 года, сотні тысяч беларусаў выйшлі на дэманстрацыю за сумленныя і свабодныя выбары ў сваёй краіне. Гэта быў момант надзеі.
Аднак беларускі рэжым жорстка падаўляў мірныя пратэсты. Дзясяткі тысяч былі адвольна арыштаваныя. Зачыняліся СМІ, вымушана закрываліся ўстановы культуры, забараняліся праваабарончыя арганізацыі. Беларускія турмы — гэта катавальні. Многія загінулі праз жорсткія умовы зняволення. Іншыя не падаюць прыкметаў жыцця больш за год. На сёння палітвязняў больш за 1400 чалавек. Патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі! Жыве Беларусь!».
Група Еўрапарламенту ECR:
«Чатыры гады таму Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі галасавання і скраў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, прызначыўшы сябе на шосты тэрмін. Воля народу была цалкам праігнараваная, свабода задушаная і дэмакратыя адкінутая».
Пётр Вільчэк, польскі дыпламат:
«У гэты дзень мы салідарныя з адважнымі людзьмі Беларусі, якія працягваюць змагацца за свае правы і дэмакратыю. Ваша мужнасць натхняе ўсіх нас»
Брытанская праваабарончая арганізацыя Article19:
«Праз чатыры гады пасля фальсіфікацыі выбараў у Беларусі барацьба за правы працягваецца. Беларусы застаюцца стойкімі ў сваёй барацьбе за свабоду, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі. Article19 падтрымлівае іх, патрабуючы вызвалення палітвязняў і спынення парушэнняў правоў чалавека».
Амбасада ЗША у Латвіі:
«У гэты Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы яшчэ раз заяўляем нашую падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
Крыстафер Робінсан, амбасадар ЗША ў Латвіі:
«Мы з вамі і будзем цьвёрда стаяць разам з вамі ў гэтай барацьбе. Мы верым у ваш поспех — мы ўбачым вольную і незалежную Беларусь».
Джон Гірынг, амбасадар Аўстраліі для Арменіі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану, Узбекістану, Кыргызстану і Туркменістану:
«Чатыры гады таму прэзідэнт Лукашэнка абвясціў перамогу на фальшывых выбарах. Аўстралія асуджае сур’ёзныя парушэнні ўладамі Беларусі правоў чалавека ў дачыненні да свайго народу. Мы падтрымліваем тых беларусаў, якія шукаюць дэмакратычнай будучыні, і ўшаноўваем іх мужнасць і стойкасць».
Аляксей Ганчарэнка, парламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай рады Украіны:
«Сёння, 9 жніўня, у гадавіну фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, свет адзначае Дзень салідарнасці з Беларуссю. Парламенцкая група „За дэмакратычную Беларусь“ заклікае нашых партнёраў падтрымаць беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам Лукашэнкі ўнутры краіны і за яе межамі».
Гітанас Наўседа, прэзідэнт Літвы:
«Чатыры гады з пачатку кампаніі рэпрэсіяў Лукашэнкі супраць беларусаў, якія выступалі за свабоду і дэмакратыю. Літва з’яўляецца домам для Святланы Ціханоўскай і многіх беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу. Мы верым у дэмакратычную будучыню Беларусі. Дух свабоды заўсёды пануе! ».
Олівер Варгелій, еўракамісар:
«Прайшло 4 гады пасля фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Мы салідарныя з беларускім народам. Мы падтрымліваем галасы свабоды».
Герт Ян Купман, еўракамісар:
«Сёння ў Беларусі спаўняецца гадавіна фальсіфікаваных выбараў 2020 года. Барацьба за Вольную Беларусь працягваецца, працягваецца і падтрымка ЕЗ. Мы працягваем падтрымліваць Беларусь, выдзяліўшы 140 мільёнаў еўраў з 2020 года ў падтрымку дэмакратычных памкненняў яе народу».
Алена Хаштарыя, грузінскі парламентарый, лідарка партыі «Дроа»:
«Народ Грузіі цвёрда стаіць побач з народам Беларусі. У нас агульная барацьба і агульная светлая будучыня ў цэласнай, свабоднай і мірнай Еўропе. Святлана Ціханоўская паслядоўна дэманструе неверагоднае лідэрства, устойлівасць і мужнасць перакананняў. Жыве Беларусь! ».
Розмары Томас, былая амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі:
«Лукашэнка скраў выбары, дазволіў сваім войскам страляць па беларускіх грамадзянах, замкнуў тых, хто гэтую праўду даводзіць да сябе. Святлана Ціханоўская — сапраўдная прэзідэнтка Беларусі, а Лукашэнка — маскоўская марыянетка, якая занадта баіцца, каб вызваліць з турмы людзей, лепшых за яго».
PEN international:
«Сёння спаўняецца 4 гады з моманту шырока дыскусійных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і беспрэцэдэнтнага ўціску правоў чалавека, які рушыў за імі. Сёння мы заклікаем міжнародную супольнасць падвоіць намаганні па барацьбе з парушэннямі правоў чалавека ў краіне».
Сэдрык Мас, французскі ваенны гісторык:
«У гэты дзень у 2020 годзе людзі Беларусі масава прагаласавалі за свабоду і дэмакратыю, і пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Утрыманне кантролю над Беларуссю было важным крокам для Пуціна ў падрыхтоўцы вайны супраць Украіны, Еўропы і чалавечых каштоўнасцяў».
Марыя Міхалевіч, «Белсат».