У ЗША асудзілі беларуса, які дапамагаў украінцу абыходзіць санкцыі супраць Расеі


Суд у ЗША вынес прысуд беларусу, якога абвінавацілі ў дапамозе ў абыходзе санкцыяў, уведзеных у дачыненні Расеі за яе дзеянні ва Украіне. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве юстыцыі Злучаных Штатаў.

Сяргей Карпушкін. Клаж з
фота: metallurg.belsteel.com / Кіберпартызаны

Згодна з судом, Джон (Хюрэм) Джан Юнсалан, прэзідэнт размешчанай у Арланда (Фларыда) кампаніі па гандлі сталлю Metalhouse LLC, быў асуджаны да шасці гадоў турэмнага зняволення за змову з мэтай адмывання грошай з мэтай садзейнічання парушэнню санкцыяў ЗША супраць прарасейскага ўкраінскага алігарха Сяргея Курчанкі. Былы дзелавы партнёр Юнсалана Сяргей Карпушкін, грамадзянін Беларусі, які пражывае ў Маямі, асуджаны да 21 месяца турэмнага зняволення за ўдзел у гэтай схеме.

Юнсалан прызнаў сябе вінаватым і быў асуджаны да канфіскацыі 160 мільёнаў долараў прыбыткаў ад злачынства. Карпушкін прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай парушэння Закона аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах (IEEPA) і ў міжнародным адмыванні грошай і быў прыгавораны да канфіскацыі 4,7 мільёна долараў злачынных даходаў.

Курчанка быў украінскім алігархам падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча. У 2014 годзе ўвайшоў у сотню самых багатых украінцаў. Потым пэўны час жыў у Беларусі, цяпер знаходзіцца ў Маскве. З 21 красавіка 2022 года Курчанка знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвязу «за ролю ў падрыве тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Курчанка трапіў пад санкцыі ЗША ў 2015 годзе за ягоную ролю ў прысваенні дзяржаўных актываў Украіны або эканамічна значнага прадпрыемства ва Украіне. Дзве трапілі пад санкцыі кампаніі – ТАА «Компания Газ-Альянс», якая базуецца ў РФ і кантралюецца Курчанкам, і ЗАТ «Внешнеторгсервис», якая базуецца ў самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі, – былі ўнесеныя ў санкцыйны спіс у 2018 годзе за аказанне матэрыяльнага падтрымання самаабвешчаны Данецкай і Луганскай «народным рэспублікам».

Згодна з матэрыяламі суду, Юнсалан і Карпушкін вялі гандаль з гэтымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі для куплі сталеліцейнага абсталявання і сыравіны, хоць і ведалі, што яны трапілі пад санкцыі ЗША, якія забаранялі амерыканскім фізічным і юрыдычным асобам весці бізнес з імі.

З ліпеня 2018 года па кастрычнік 2021 года Юнсалан змовіўся з іншымі асобамі з мэтай перадачы Курчанку і падкантрольным яму кампаніям больш як 150 мільёнаў долараў. Юнсалан гандляваў з імі праз сваю кампанію Metalhouse і атрымліваў дзясяткі тысяч тон металапрадукцыі. Карпушкін перыяд з ліпеня 2017 года па жнівень 2020 года ў змове з Юнсаланам і іншымі дзелавымі партнёрамі заключаў кантракты і заказы на куплю чыгуну, сталёвай нарыхтоўкі і катанкі ў кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, і пагадзіўся падзяліць прыбытак ад гэтых незаконных здзелак. Пры гэтым саўдзельнікі наўмысна схавалі ад амерыканскіх банкаў і чыноўнікаў канчатковую крыніца і паходжанне тавараў, ведаючы, што ў іх няма неабходнага дазволу або ліцэнзіі для вядзення здзелак з Курчанкам і ягонымі кампаніямі.

Хто такі Карпушкін

Раней Карпушкін працаваў на БМЗ, затым у напалову бээмзэшным «Bel-Kap-Steel». З 2004 года сям’я Карпушкіна стала жыве ў ЗША, дзе валодае сеткаю кампаніяў. Акрамя «Commodity General Trading», праз якую завозіліся сталёвыя вырабы з БМЗ, у розны час Карпушкін меў беспасярэдняе дачыненне да кампаніяў, якія займаюцца, мяркуючы з назваў, аперацыямі з металам: «FE Metal LLC», «Republic Steel Trading LLC», «Steel Globe LLC», «Steel Trading LLC».

З 2020 года Карпушкін праз сваю кампанію «Commodity General Trading» быў таксама партнёрам Беларускага металургічнага заводу. 22 лістапада 2021 года ён Карпушкін зрабіў свайго сына Канстанціна топ-менеджарам «Commodity General Trading», а ўжо 4 красавіка 2022-га Канстанцін Карпушкін набывае 66 % кампаніі «Incofer» у Польшчы. Пасля прыходу Карпушкіна-малодшага кампанія, якая да гэтага гандлявала металапрадукцыяй і перажывала не найлепшы час, прадэманстравала рэзкае павелічэнне абаротаў і такое ж рэзкае падзенне прыбытку. Калі ў 2021 годзе абароты кампаніі склалі 10,5 млн злотых, а прыбытак – 1,05 млн, то ў 2022 годзе абарот кампаніі склаў рэкордныя 24,3 млн злотых, а вось зарабіла яна ўсяго толькі 66 200 злотых.

Пра затрыманне беларуса стала вядома ў кастрычніку 2023 года.

Аналітыка
Як прыватны бізнес зарабляе на імпарце з Беларускага металургічнага заводу
2023.12.01 12:36

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў