У Польшчы затрымалі падазраваных у нападзе на расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 19 красавіка паведаміў, што ў Польшчы былі затрыманыя двое падазраваных у збіцці Леаніда Волкава, расейскага апазіцыянера і былога паплечніка Аляксея Навальнага. Пра гэта паведамляе «Delfi».

Расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава шпіталізуюць пасля нападу ў Вільні 12 сакавіка 2024 года.
Фота: ioannZH / Telegram

«Дзякую Польскай Рэспубліцы за выдатную працу, мы гаварылі пра гэта з прэзідэнтам Польшчы, дзякую за выдатную супрацу. Тым самым хачу падзякаваць нашым работнікам крымінальнай выведкі, якія выканалі першую, самую галоўную падрыхтоўчую працу.

Неўзабаве пасля ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў гэтыя асобы будуць перададзеныя Літве», – сказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

І дадаў, што пакуль не можа сказаць, калі гэта адбудзецца, роўна як не можа назваць імёнаў.

Адзін з затрыманых – грамадзянін Беларусі, які працуе на Расею. Пра гэта заявіў польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск.

Расейскі апазіцыянер Леанід Волкаў заявіў, што пакуль не ведае ніякіх падрабязнасцяў:

«Але магу сказаць: я бачыў, як энергічна і настойліва працавала літоўская паліцыя на працягу апошняга месяца ў гэтай справе, і вельмі рады, што гэтая праца аказалася выніковаю».

На Волкава напалі ўвечары 12 сакавіка ў Вільні. Калі ён пад’ехаў аўтамабілем да дому, на яго накінуўся мужчына, які разбіў акно ў машыне, распыліў Волкаву ў вочы слезацечны газ і пачаў біць яго малатком. Пасля нападу Волкава шпіталізавалі.

Апазіцыянераў назваў напад на яго «бандыцкім прывітаннем з Пецярбургу». «З мяне хацелі зрабіць адбіўную – натуральна: малатком для адбіўных чалавек проста каля дому ў двары напаў на мяне, разоў 15 ударыў па назе», – заявіў тады Волкаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў