У Францыі набірае моцы прэзідэнцкая кампанія


Першыя неспадзяванкі прэзідэнцкай кампаніі ўжо на этапе давыбараў. З дыстанцыі сышоў былы прэзідэнт і прэтэндэнт на кандыдацтва ад правацэнтрыстаў Нікаля Сарказі.

Салодкая радасць перамогі. Франсуа Фіён з вялікім адрывам перамог у давыбарах сваіх канкурэнтаў ад правацэнтрыстаў. Нават галоўныя супернікі – Жупэ і Сарказі – адстаюць значна.

Да прэзідэнцтва аднак яшчэ далёка. Праз тыдзень фінальны тур давыбараў. А калі атрымаецца, сапраўдная барацьба за прэзідэнтуру – ажно да красавіка.

«Першы тур давыбараў быў адказны і ўдалы. Маім супернікам, якія не трапілі ў другі тур, я скажу, што яны служылі сваім перакананням і дэмакратыі. Параза не можа некага прыніжаць, бо мы маем патрэбу ў кожным», – заявіў кандыдат на намінацыю ад правацэнтрыстаў Франсуа Фіён.

Галоўным жа прайграным ёсць былы прэзідэнт Нікаля Сарказі. І цяпер падняцца на арэне палітычнага жыцця будзе амаль немагчыма.

«Гэта мой абавязак – сказаць шчыра і ясна: не зважаючы на рознагалоссі з Франсуа Фіёнам, ён, мне падаецца, найлепш зразумеў праблемы, з якімі сутыкаецца Францыя, таму я буду галасаваць за яго ў другім туры давыбараў», – адзначыў Нікаля Сарказі.

Чытайце таксама >>> «Намёты з’яўляюцца ўночы»: Уцекачы з Кале пасяліліся ў Парыжы

А гэта галоўны канкурэнт Фіёна – Ален Жупэ. І калі Фіён атаясамліваецца з Сарказі, бо быў ягоным прэм’ерам, то Жупэ гучыць па-новаму ды спрабуе аб’яднаць правых, цэнтрыстаў і нават левых.

«Для ўсіх, хто ў мяне верыць, дзеля маіх перакананняў ды ідэяў, якія я маю для Францыі, я мяркую, больш як калі, французы мусяць пайсці разам, каб перагарнуць старонку катастрафічнага прэзідэнцтва, што аслабіла нашую краіну. А таксама заблакаваць »Нацыянальны фронт«, які павядзе ў найгоршую магчымую будучыню», – заўважыў Ален Жупэ.

«Нацыянальны фронт» Марын Ле Пэн будзе сапраўдным галаўным болем для правацэнтрыстаў, бо набірае папулярнасці. А эксперты ўжо жартуюць, што выбары ў Францыі будуць паміж Фіёнам, які хоча збліжэння з Расеяй, і Ле Пэн, якая вельмі хоча гэтага збліжэння.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu