Калі згніе «гэты монстр»? Расейскія сепаратысты – пра будучыню РФ і незалежнасць народаў


Вайна Расеі ва Украіне, якая, відавочна не адпавядае крамлёўскім планам на хуткі захоп Кіева, абвастрыла размовы пра будучыню самой РФ. Увесну 2022 года «Белсат» ужо абмяркоўваў з актывістамі нацыянальных рухаў Расеі далейшае існаванне і нават распад «турмы народаў». Праз год мы надумалі вярнуцца да гэтага пытання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына праходзіць каля графіці з выявай Уладзіміра Пуціна на жылым доме ў горадзе Кашыра, што на поўдзень ад Масквы, Расея. 23 лютага 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

«Мінулы год кардынальна змяніў нашыя ўяўленні пра сучаснасць і будучыню проста таму, што Расея зазнае поўную паразу – не толькі ваенную, але і цывілізацыйна-палітычную. Таму ў народаў, заціснутых у абдымках расейскага пуцінскага рэжыму, з’яўляецца рэальны шанец здабыць або развіць уласную дзяржаўнасць», – мяркуе татарскі палітолаг, галоўны рэдактар часопісу «Поистине» Руслан Айсін.

На думку Айсіна, вайна ва Украіне «падштурхнула рост нацыянальнай самасвядомасці розных народаў, якую Расея стагоддзямі здушвала». Як вынік – «у людзей з’явілася адчуванне, што яны ці прынамсі іхнае пакаленне ўбачыць, што Расейская імперыя будзе разбураная».

Паміж забаронамі, турмой і эміграцыяй

Сітуацыя з нацыянальнымі рухамі ў Расеі за год толькі пагоршылася, заяўляе Руслан Габасаў – кіраўнік створанага ў сакавіку 2023 года Камітэту Башкірскага нацыянальнага руху. Паводле яго, усе больш-менш вядомыя нацыянальныя арганізацыі або самыя спынілі сваё існаванне, або былі забароненыя. Гэтак, у Татарстане зліквідавалі Усетатарскі грамадскі цэнтр, а ў суседнім Башкартастане засталася толькі адна незалежная нацыянальная арганізацыя, але і яны «ніяк не абмяркоўваюць вайны, бо гэта небяспечна».

Нацыянальныя арганізацыі альбо займаюцца «нейкімі ўнутранымі праблемамі», альбо перамяшчаюць сваю дзейнасць за мяжу, дзе «набіраюць усё большую колькасць прыхільнікаў». Напрыклад, башкірскія арганізацыі заклікалі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прызнаць Башкартастан акупаванаю тэрыторыяй. На аснове гэтага звароту ў Вярхоўную Раду паступіў законапраект аб прызнанні Башкартастану незалежнаю дзяржаваю.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

«Мы таксама працягваем працаваць над тым, каб адукоўваць насельніцтва Башкартастану наконт таго, што адзіная надзея выжыць башкірскаму народу – гэта здабыць незалежнасць. А каб захаваць гэтую незалежнасць, трэба, каб Расея распалася цалкам на некалькі дзясяткаў дзяржаваў. Бо калі яна захаваецца, калі нават Рэспубліка Башкартастан, нават калі ўсе нацыянальныя рэспублікі здабудуць незалежнасць, усё роўна Расея як цэлая дзяржава застанецца вельмі буйной і такою ж агрэсіўнай. Акрыяўшы, яна праз некалькі гадоў ізноў пачне захопліваць чужыя тэрыторыі», – адзначае Габасаў.

Праз гэта актывісты, якія эмігравалі, зазнаюць пераслед з боку расейскіх уладаў. На самога Габасава ўжо завялі тры крымінальныя справы – за дыскрэдытацыю Узброеных сілаў РФ, за заклікі да аддзялення Башкартастану і за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасці.  Ягоных сваякоў і былых паплечнікаў «увесь час трывожаць, прыязджаюць з ператрусамі, адбіраюць арганізацыйную тэхніку, камп’ютары, тэлефоны, вязуць на допыты».

«Яны [улады РФ. – Заўвага рэд. Belsat.eu] бачаць пагрозу, яны разумеюць, што ідэі незалежнасці вельмі моцныя, што ўсе народы хочуць стаць свабоднымі ад Масквы, таму імкнуцца купіраваць усе гэтыя праявы ўжо ў зародку. Мы за мяжою, таму яны адыгрываюцца на тых, хто застаўся ў рэспубліцы», – распавядае актывіст.

«Паасобку ісці, разам біць»

За мяжою нацыянальныя рухі стварылі дзве буйныя пляцоўкі для каардынацыі дзеянняў: Форум свабодных народаў пост-Расеі, з дапамогай якога ідзе ўзаемадзеянне з замежнымі палітыкамі, і Лігу свабодных нацыяў, што яднае нацыянальныя і рэгіяналісцкія рухі РФ.

«Нас ужо чуюць сусветныя палітыкі, наш парадак дня, нашае спадзяванне, праблемы нацыянальных рэспублік і рухаў. Таму тэма пытання незалежнасці нацыянальных рэспублік узнятае вельмі высока. Пра нас у Еўропе пачалі гаварыць, у Амерыцы пачалі гаварыць. І гэта цешыць», – падкрэслівае Габасаў.

А вось з расейскімі апазіцыянерамі нацыянальныя рухі не ўзаемадзейнічаюць праз «кардынальную супярэчнасць». Паводле Габасава, спробы «выпрацаваць агульную пляцоўку, правесці агульны форум» скончыліся нічым.

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

«Яны выступаюць за тое, каб Расея захавалася як адзіная і непадзельная. Мы ж выступаем за дэзынтэграцыю Расеі і ўтварэнне на яе тэрыторыі некалькіх дзясяткаў незалежных дзяржаваў, як нацыянальных, гэтак і расейскіх. Нас яны лічаць маргіналамі, нібыта за намі ніхто не стаіць. Хоць мы таксама не ведаем, хто за імі стаіць, хто іх падтрымлівае», – заяўляе кіраўнік камітэту Башкірскага нацыянальнага руху.

Пра тое, што расейская апазіцыя паўтарае тыя ж тэзы, што і ўлады РФ, «пра адзіную і непадзельную ды выступае ўсяляк супраць самавызначэння народаў», кажа і татарскі палітолаг Айсін:

«Яны прызнаюць права Украіны на самастойнасць, але не прызнаюць права татараў, башкіраў, чачэнцаў. Атрымліваецца, яны дзеюць супольна з пуцінізмам.

У выпадку чаго з гэтымі лібераламі будзе цяжка ісці побач, хоць была, напрыклад, ленінская праграма – паасобку ісці, разам біць. Напэўна, у гэтым рэжыме можна дзеяць. Але далей будзе цяжка».

Дэмакратам быў і Барыс Ельцын, «але ўсё скончылася ў 1994 годзе вайною супраць Ічкерыі» і тым, што «каля Казані стаялі танкі», нагадвае палітолаг.

Імперскасць з нацыянальным каларытам

Улады Расеі ў 2022 годзе пачалі фармаваць у рэспубліках добраахвотніцкія батальёны з нацыянальнаю спецыфікаю для ўдзелу ў вайне з Украінай. Айсін лічыць гэта прыкметаю таго, што «сістэма ўвайшла ў некантраляваны крызіс»:

«З аднаго боку, табе забараняюць усё, але калі трэба адпраўляць сілком на вайну ваяваць за «русский мир», то табе даюць нацбатальён, даюць яму назву з нацыянальнаю сімволікай і з імем нацыянальнага героя. Ідзі ваюй і памірай за «русский мир» пад сцягам нацбатальёнаў».

Hавiны
«Міліцыя ДНР» пагражала забіць вайскоўцаў з Тувы. Новы міжнацыянальны канфлікт у войску РФ
2023.02.06 15:29

Пры гэтым можна сустрэць меркаванне, што ва ўмовах распаду Расеі прадстаўнікі нацыянальных батальёнаў, якія ўжо маюць баявы досвед, «могуць апынуцца па розныя бакі барыкадаў у канфліктах, якія ўзнікаюць ізноў», і нават стацца асноваю нацыянальных войскаў будучых рэспублік.

Аднак, мяркуе Габасаў, кіраўнікі рэгіёнаў ствараюць такія батальёны, каб «найперш выслужыцца перад Масквою, перад Пуціным асабіста, паказаць сваю адданасць і тым самым уседзець на месцы». Уступаюць у іх «адкрытыя імперцы ды рашысты, у якіх мозг заразіўся ідэалогіяй «русского мира».

Ідэальны і негатыўны сцэнары

Руслан Айсін мяркуе, што пра «закісанне і расколы ў пуцінскай сістэме» сведчаць як з’яўленне Клубу раззлаваных патрыётаў, не задаволеных хадою вайны ва Украіне, гэтак і выведныя звесткі ЗША пра тое, што сакратар Савету нацыянальнай бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў і кіраўнік Генштабу РФ Валерый Герасімаў мелі намер сабатаваць указанні Пуціна і прайграць вайну.

Хоць, мяркуе Айсін, «сістэма пачынае есці сябе», і гэта можа быць «апошняю стадыяй рэжыму». Сілы, здольнай узяць уладу, калі Расея пачне імкліва разгойдвацца і развальвацца, няма. Тым не менш палітолаг не выключае спробы ліберальных сілаў дамовіцца з Захадам і часткаю пуцінскага рэжыму «пра пераходную фазу».

У якасці ідэальнага варыянту Руслан Габасаў бачыць паразу Расеі ў вайне, на фоне чаго ўспыхне незадаволенасць насельніцтва і да ўлады ў РФ прыйдуць дэмакратычныя сілы. Ужо тады і Башкартастан, як і іншыя рэспублікі, «абвесціць сваю незалежнасць ад цэнтру, бо ўсе ўжо па горла сытыя гэтай імперыяй, гэтаю Масквою».

Не выключае Габасаў і негатыўнага сцэнара, калі, зазнаўшы паразу ў вайне і аддаўшы Украіне, Малдове і Грузіі захопленыя з 1991 года тэрыторыі, Расея «зачыніцца ў сваіх межах, а рэжым захаваецца», нават калі самога Пуціна і прыбяруць. Тады РФ можа ператварыцца ў Паўночную Карэю. У такім выпадку, мяркуе суразмоўца, неабходна будзе альбо зрынаць рэжым у Расеі пры дапамозе NATO, альбо ўжо чакаць, калі яна «канчаткова згніе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прарасейскі актывіст трымае плакат перад будынкам Савету Федэрацыі ў цэнтры Масквы, Расея. 12 красавіка 2023 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

У сваю чаргу Айсін мяркуе, што Крэмль можа паспрабаваць згуртаваць прыхільнікаў вакол сябе заявамі, што «Расея-матушка разваліцца, і ўжо тады будзе хаос, грамадзянская вайна, будуць рэзаць расейцаў». Аднак, на ягоную думку, «страшней ужо быць не можа».

«Усё будзе залежаць ад таго, хто зможа больш магутна і канцэптуальна правесці гэтую інфармацыйна-ідэалагічную кампанію. Ці ўлада зможа пераканаць сваіх прыхільнікаў аб’яднацца вакол Пуціна, ці лідары нацыянальных рухаў змогуць пераканаць, што мірны развод або перазбор гэтай тэрыторы – гэта адзінае выйсце скончыць з усім тым бязладдзем, якое цяпер дзеецца», – кажа татарскі палітолаг.

Ці прызнае Захад?

Пры гэтым Айсін адзначае, што буйныя краіны Захаду не зацікаўленыя ў развале РФ. Па-першае, гэты працэс можа быць некантраляваны, «а лішняга галаўнога болю ніхто не хоча». Па-другое, «нібыта ядравая зброя незразумела каму трапіць». А па-трэцяе, новыя суб’екты трэба будзе неяк умантаваць у сусветную сістэму прававых дачыненняў. Ёсць і страх таго, што Кітай «зможа падмяць раздробненую Расею».

Аднак, паводле Айсіна, «краіны-суседзі выдатна разумеюць, што Расея ў тым выглядзе, у якім яна ёсць, будзе пастаяннаю пагрозай для іх, і выступаюць за яе натуральны распад». Таму Захад будзе назіраць:

«Калі ён убачыць, што сітуацыя развіваецца імкліва, то проста далучыцца да працэсу. Усё будзе залежаць ад усходнееўрапейскіх краінаў і нацыянальных лідараў унутры Расейскай Федэрацыі, калі тыя змогуць абгрунтаваць прынцып «падштурхнуць таго, хто падае».

У сваю чаргу Габасаў нагадвае, што пры распадзе СССР Захад быў вымушаны прызнаць новыя дзяржавы. Таго ж ён чакае і ў будучыні, пагатоў «нацыянальныя рэспублікі ўжо ёсць, згодна з уласнымі канстытуцыямі, дзяржавамі». У любым выпадку, падкрэслівае Айсін, «пакуль будзе існаваць гэты монстр, праблема для суседзяў не знікне».

Аналітыка
«Беларусь – адназначны прыярытэт». Як Смаленск, Пскоў і Цвер рыхтуюцца да пост-Расеі
2023.01.26 07:00

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў