Як Вераніка Сцяпанава адпрацоўвае метадычку Крамля


Ад блогерства да прапаганды. Цярністы шлях Веранікі Сцяпанавай. Падрабязней у праграме «Лукавыя навіны».

Вераніка Сцяпанава не працуе ў расейскіх прапагандысцкіх СМІ. Яна называе сябе блогерам, псіхолагам і псіхатэрапеўтам. Год таму яна апублікавала так званы «псіхалагічны разбор» Аляксея Навальнага, ну і заадно яго жонкі Юліі. Ужо тады яна абвінаваціла Юлію Навальную ў тым, што гэта нібыта яна прымусіла Аляксея вярнуцца ў Расею пасля атручвання «Навічком». А 19 лютага гэтага году, калі ўжо было вядома пра гібель палітыка, яна выразала гэты адрэзак са свайго відэа, падмантавала туды ўжо вядомыя ўсім кадры з Мюнхенскай канферэнцыі і апублікавала такі «шортс» на сваім ютуб-канале з загалоўкам «Навошта Юлія загубіла Навальнага?» На момант запісу нашай праграмы гэта відэа набрала 1,3 млн праглядаў і, па сутнасці, паўтарае тыя самыя тэзісы крамлёўскай прапаганды пра шчаслівую ўдаву.

«Яна магла яго ўтрымаць, але яна яго прывезла ў Маскву, на 100% ведаючы, што яго больш ніколі, хутчэй за ўсё, не ўбачыць. Яго пасадзяць, і ў выніку ён проста памрэ, сыдзе з розуму… І яна яго ў гэта везла. Яна шмат гадоў знаходзіцца ў бясконцым стрэсе. Шмат есць, пабухвае верагодна, трошачкі, такая мардашачка алкагалічная… Як пазбавіцца ад гэтага? Несвядома! І вось яна несвядома адпраўляе свайго каханага-роднага вось туды… Дачушка ў Стэнфардзе, Каліфорнія, Амерыка – выдатна. Мы з сыночкам у Нямеччыне – добра, а муж – там. І працягвае жыць чалавечым жыццём. Пачынае! Пачынае жыць чалавечым жыццём».

Але хто такая гэтая Вераніка Сцяпанава, каб усім вакол не толькі ставіць псіхіятрычныя дыягназы, але і выносіць гэтак суровыя прысуды? Давайце разбярэмся.

Нарадзілася ў Пецярбургу, псіхалогію вывучала там жа – у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Выйшла замуж, з’ехала ў Мексіку і адтуль свае назапашаныя веды Сцяпанава выкладае ў свой канал на ютубе.

Вось толькі па факце замест прафесійных, аналітычных і глыбокіх псіхалагічных разбораў часцей за ўсё на гэтым канале вы можаце знайсці проста да жаху абразлівыя агляды асабістага жыцця знакамітых расейцаў.

Калаж з фото: Pavel Kashaev / Russian Look / Forum, YVES HERMAN / Reuters / Forum

belsat.eu / ІР