Дырэктара Магілёўскага драматычнага тэатру Андрэя Новікава вызвалілі ад пасады з 25 лістапада ў звязку са скасаваннем кантракта. Пра гэта паведамляецца на старонцы калектыву ў Facebook. Супрацоўнікі тэатру не згодныя з такім рашэннем, лічаць яго палітычным і звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі. Сапраўднай прычынай скасавання кантракту называюць тое, што Андрэй Новікаў адмовіўся звальняць затрыманых на пратэстах супрацоўнікаў тэатру.
Андрэй Новікаў кіраваў тэатрам 20 гадоў. «За гэты час быў створаны моцны, згуртаваны, паспяховы творчы калектыў, які ярка заявіў пра сябе ў рэспубліканскай і міжнароднай тэатральнай прасторы. Тэатр падтрымлівае міжнародныя культурныя сувязі, вядзе актыўную гастрольную і фэставую дзейнасць, а галоўны яго творчы праект – Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт», які праводзіцца штогод з 2006 года па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Новікава А.Ф., мае значны грамадскі рэзананс, з’яўляецца адным з найбуйных і найвядомых тэатральных фэстаў Усходняй Еўропы», – гаворыцца ў паведамленні тэатру.
Па выніках працы за 2017 год Магілёўскі абласны драматычны тэатр занесены на Рэспубліканскую дошку Пашаны за дасягненне найлепшых паказнікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацыяў культуры.
У траўні 2020 года Магілёўскі абласны драматычны тэатр быў уганараваны званнем «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» за значны ўнёсак у развіццё беларускай нацыянальнай культуры, выбітныя дасягненні ў мастацтве, высокі мастацкі ровень і творчыя паказнікі. Велізарная асабістая заслуга ў гэтым Андрэя Новікава.
Андрэй Новікаў узнагароджаны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь нагрудным знакам «За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі». У 2018 годзе ўганараваны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй «За ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі», у 2019 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Па выніках працы ў 2018 год Андрэй Новікаў занесены на абласную Дошку пашаны ў Магілёве, а таксама атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Магілёўшчыны».
Усе гэта не перашкодзіла кіраўніцтву вызваліць Новікава ад пасады «у звязку з тым, што той палічыў непрымальным для сябе звальняць сваіх супрацоўнікаў па неабгрунтаваных і незаконных прычынах», – напісана ў заяве тэатру.
Калектыў тэатру лічыць рашэнне пра звальненне кіраўніка неабгрунтаваным і несправядлівым. Ён скіраваў у адрас Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту калектыўны зварот, у якім просіць не вызваляць ад занятай пасады дырэктара тэатру Андрэя Новікава. Калі дадзеная просьба не будзе здаволена, калектыў пакідае за сабой права звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.
Працаўнікі культуры сталі адной з сілаў супраціву. У выніку быў разагнаны найлепшы тэатр краіны – Купалаўскі. Прызначаючы новага міністра культуры Анатоля Маркевіча, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра былога кіраўніка Купалаўскага тэатру Паўла Латушку і іншых дзеячаў культуры:
«Гнілізна была даўно. І не гнілізна, гніллё было. І апынулася, на жаль, што так у шмат якіх нашых «творчых» працаўнікоў і іншых. Вось у чым сутнасць, у чым праблема».