ЗША адклікае супрацоўнікаў амбасады на Кубе і спыняе выдачу візаў


Дзярждэпартамэнт ЗША вырашыў адклікаць больш за палову дыпламатаў, якія працуюць на Кубе. У бліжэйшыя дні Гавану пакінуць 60 % супрацоўнікаў пасольства і чальцы іх семʼяў. Адначасова ўлады ЗША абвясцілі аб спыненні афармлення амерыканскіх уязных віз на Кубе.

Прычынай дэмаршу сталі занепакоенасць бяспекай амерыканскага дыпламатычнага персаналу.

Амерыканскія СМІ паведамляюць пра акустычныя атакі на супрацоўнікаў амбасады. Аб праблемах са здароўем паведамілі больш за 20 дыпламатаў.

Неафіцыйна амерыканскія дыпламаты гавораць, што супраць іх была выкарыстана нейкая прылада, здольная трансляваць моцны гук, частата якога знаходзіцца за межамі чутнага чалавекам дыяпазону. Аднак ніякіх доказаў гэтага пакуль прадстаўлена не было.

У выніку гэтых таямнічых гукавых нападаў супрацоўнікі амбасады адчувалі млоснасць, галавакружэнне, у кагосьці было зафіксавана лёгкае страсенне мозгу. Некаторыя скардзіліся на страту слыху.

Кубінскія ўлады заявілі пра сваю недатычнасць да інцыдэнту.

 

Цяпер у Гаване прыпынена выдача амерыканскіх віз на нявызначаны тэрмін – да таго часу, пакуль Куба не гарантуе поўную бяспеку амерыканскіх дыпламатаў. Пры гэтым у Дзярждэпартаменце падкрэслілі, што ЗША маюць намер захаваць дыпламатычныя адносіны з Кубай, і не выключаюць, што напады на дыпламатаў былі арганізаваны «трэцяй краінай».

 

ІІ, belsat.eu; паводле Бі-бі-сі і Голасу Амерыкі

Глядзі таксама
Каментары