Зняў кватэру за € 825 у месяц, пераздаваў за 200 у суткі. Беларускі бізнес у Барсэлоне


Bárbara Aguirre. Яе кватэру пераздаваў на Airbnb грамадзянін Беларусі. Фота – Jordi Soteras

Беларус зняў на год кватэру у Барсэлоне і арганізаваў у ёй гасцініцу.

Грамадзянін Беларусі заключыў дамову на здым кватэры ў турыстычным цэнтры Барсэлоны на год. Штомесяц ён павінен быў пералічваць каталонскай сямейнай пары 825 еўраў.

Праз некаторы час уладальнікам кватэры патэлефанавалі суседзі знізу і паскардзіліся, што іх затапляе, на столі з’яўляюцца мокрыя плямы. Калі прыехалі сантэхнікі, дзверы ім адчыніла маладая францужанка, якая сказала, што яна тут здымае кватэру за 200 еўраў за содні.

На наступны дзень тут ужо жыла пара расейцаў.

Калі гаспадыні кватэры ўдалося зайсці ў сваю кватэру, яна знайшла там дадатковы складны ложак – агульная колькасць спальных месцаў павялічылася з двух да чатырох.

Пасля гэтага ўладальнікі маёмасці знайшлі сваё жыллё на Airbnb, рэсурсе, які дапамагае зняць жытло ад прыватных асоб па ўсім свеце. Высветлілася, што наш суайчыннік здае яшчэ сем такіх «гасцініц». Аднак знайсці прадпрымальнага беларуса не змагла нават паліцыя.

Уладальнікі кватэры вырашылі змагацца з нядобрасумленным арандатарам самі. Калі кватэра засталася пустой, яны ўсталявалі новыя металёвыя дзверы і анулявалі дамову з беларусам.

Пасля таго, як наступныя пастаяльцы «гатэлю» пакінулі на Airbnb скаргу, беларус выдаліў свой акаўнт.

Tut.by піша, што ў Менску гэтая гісторыя не выклікала б здзіўлення ні ў каго, а ў Іспаніі яна трапіла на старонкі аўтарытэтнага штодзённіка El Mundo. Выданне падае, што схема «кватэра на суткі ў Барсэлоне» дзеяла чатыры месяцы.

ДД

Глядзі таксама
Каментары