Зінаіда Бандарэнка напісала адкрыты ліст да землякоў: Станем падтрымкай бацькам Героя Міхаіла Жызнеўскага

urgent

Дарагія гамельчукі! Звяртаюся да вас па дапамогу. Мы ўсе павінны аб’яднацца і стаць апірышчам і падтрымкай бацькам Героя Нябеснай сотні Украіны, нашага суайчынніка Міхаіла Жызнеўскага.

Ён сапраўдны Герой! Сын беларускага народа аддаў сваё маладое жыццё дзеля свабоды народа Украіны, і я ўпэўнена, што на яго подзвігу будуць выхоўвацца будучыя пакаленні.

Успомнім нашых хлопцаў, што калісьці, у сярэдзіне 1930-х гадоў мінулага веку, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, ваявалі за свабоду далёкай ад нас Іспаніі. Імі мы ганарыліся і ганарымся зараз: яны змагаліся з фашызмам. Колькі фільмаў, літаратурных твораў на гэту тэму кранулі сэрцы і нават лёсы людзей з усяго свету! Я ўпэўнена, што пройдзе час, і пра нашага Мішу будуць складаць песні, напішуць кнігі і здымуць фільмы. Але так хочацца, каб дачакаліся гэтага бацькі Героя — Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч Жызнеўскія.

Скажу, як думаю. Наша колішняе савецкае выхаванне дагэтуль не адпускае нас, яшчэ нямала па-ранейшаму сляпых і глухіх. Выхоўвалі нас, дзяцей, на прыкладзе Паўліка Марозава, вучылі любіць уладу, якой бы яна ні была. У Гомелі я заканчвала сярэднюю школу №34 Чыгуначнага раёна, якая месцілася ля Палескага пераезда, праз плот амаль у адным двары з прыгожай царквой. Цяпер там манастыр. Помню, як аднойчы на Вялікдзень да нас, чацвёртакласнікаў, звярнулася настаўніца з загадам: «Вечарам усім надзець чырвоныя гальштукі, прыйсці на вячэрнюю службу і глядзець, хто з бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр будзе ў царкве. Заўтра расказаць!»

Вядома, амаль усіхнія бацькі, і мая мама сярод іх, былі там. Свята ж якое! Мы, дзеці, былі зачараваны ўсім, што адбывалася ў храме. Раніцай не глядзелі адзін на аднаго, з хваляваннем чакалі настаўніцу. Я сядзела, нізка апусціўшы галаву на парту, а сэрца калацілася. Калі б пачула пытанне настаўніцы да сябе, то проста разраўлася б. Ды, о Божачка, які цуд! Настаўніца нечакана кажа: «У нас зараз геаграфія. Што было зададзена? Валя Курчанская, да дошкі». Не ведаю, як усё адбывалася ў тую раніцу ў іншых класах — «выхаваўчае» ж заданне атрымалі тады ўсе настаўнікі. Але, думаю, што і ў іншых хапіла розуму не рабіць той страшны допыт.

Адгортваю час назад, калі была ўжо ў 7-м класе. 3—5 сакавіка, 1953 год. Пахаванне Сталіна. На ўсіх дамах, над школай, у кожным класе сцягі з чорнымі стужкамі. Заходзіць выкладчыца па матэматыцы Н.Б. Цогліна. Убачыла сцяг і загаласіла, а мы за ёй. Гэта быў нават не плач, а роў галасоў, істэрычны роў. Відовішча было жахлівае…

Так што ж мы хочам ад нашых людзей, якія, тады яшчэ дзеці, зараз даўно ўжо не маладыя і выхоўваюць на свой манер унукаў і праўнукаў? Моцная была пры Саветах сістэма выхавання любові да ўлады. Але калі раней сваю «выхаваўчую» работу выконвалі галоўным чынам настаўнікі і радыё, то цяпер у асноўным — расійскія і расійска-беларускія тэлеканалы. Няма больш моцнага сродку кадзіравання насельніцтва, чым афіцыйныя СМІ з адыёзнымі пісакамі і вядоўцамі.

У свой час ім прыйдзецца трымаць адказ за маральную шкоду, якую нанеслі яны глядацкаму электарату. I тая жанчына, якая проста па-вар’яцку паставілася да Вас, дарагая Ніна Васільеўна Жызнеўская, у лякарні, — яна ж глядзіць толькі «савецкае» тэлебачанне, а «Народную Волю», безумоўна, не чытае. Чаго ж іншага ад яе і ёй падобных чакаць? Даруйце ёй, калі ласка, яна няшчасны чалавек, хаця гэтага сёння не адчувае і не разумее. А Вы, паважаная Ніна Васільеўна, нягледзячы на незваротную і заўчасную згубу сына, — шчаслівая маці: выгадавалі такога мужнага і светлага чалавека, які і па той бок жыцця — з намі, з тымі, хто хоча міру, дабра і шчасця Беларусі, Украіне і ўсяму свету.

Мой родны Гомель, гамельчукі! Ганарыцеся сваім земляком, сваім сынам! Можа, вы бачылі схопленыя камерай кадры, калі ўпаў з куляй у сэрцы Міша Жызнеўскі, — і тут жа быў сын армянскага народа Сяргей Нігаян. Па афіцыйных каналах гэтыя кадры, само сабою, не паказвалі. А калі бачыш — узнікае такое моцнае і высокае пачуццё: не шкадуючы свайго жыцця, два прыгожыя маладыя хлопцы розных нацыянальнасцяў гінуць за волю другога народа. I гэта не кіно, не прыдумка, а трагічны пранізлівы міг жыцця — акт сапраўднага гераізму дзеля нас усіх. Гібель іх, якую мы шчыра аплакваем, не выпадковая і не дарэмная. На такіх жыццёвых прыкладах выхоўваецца пачуццё дружбы, узаемнасці, дапамогі паміж народамі куды мацней, чым афіцыйнае заключэнне гучных дамоўленасцяў аб розных міждзяржаўных саюзах.

Хачу звярнуцца і да супрацоўнікаў гомельскай міліцыі — як выдатнік Беларускай міліцыі, калісьці некаторым дзеячам мастацтва надавалі такія званні. Ваш гонар і прамы абавязак — спыніць акты вандалізму адносна помніка Міхаілу Жызнеўскаму. Сваёй працай вы не раз даказвалі, што можаце раскрыць складаныя справы.

Паважаныя Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч, трымайцеся! Не хварэйце, будзьце мужныя, як Ваш сын. Вы павінны дажыць да тых шчаслівых дзён, калі перад Вамі будуць расступацца людзі з цёплымі, добразычлівымі ўсмешкамі.

Мне вельмі знаёмае пачуццё, калі жывеш, а ўлада цябе не бачыць. На жаль, чыноўнікі сустракаюцца і не надта чуйныя. А яны павінны стварыць Вам лепшыя ўмовы жыцця, улічваць Вашы патрэбы, прымацаваць да іншай лякарні. Вы гэта сапраўды заслужылі!

Дзякуй Вам за Вашага Мішу! Ведайце: беларускія грамадзяне-патрыёты падтрымліваюць Вас.

Нізка кланяюся Вам да зямлі.

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі, «Народная воля»

Глядзі таксама
Каментары