Незалежны журналіст спраўдзіў, як у Беларусі працуе міліцыя, калі яе выклікае звычайны грамадзянін


Звярнуцца ў міліцыю мяне змусіла сігналізацыя аднаго з аўтаў, якая выла пад акном трэція содні. Вырашэнне праблемы заняло… пяць гадзінаў!

Працаваць беларускую міліцыю хутка можа змусіць бадай што толькі КДБ. У гэтым я пераканаўся, напрыканцы 2014 – пачатку 2015 года, калі трапіў пад ціск сілавых структурfаў за працу на «Белсат». Колькасць парушэнняў з боку міліцыі тады проста зашкальвала, але галоўнае – яны актыўна працавалі, хай і не заўжды кіруючыся законам. Цяпер мне хацелася спраўдзіць, як працуе міліцыя, калі да яе звяртаецца са сваймі праблемамі шараговы грамадзянін.

Набіраю 102, але дазваніцца атрымліваецца толькі з трэцяга разу. За гэты час у якой-небудзь экстранай сітуацыі маглі б забіць чалавека. Працаўніца міліцыі афармляе выклік і кажа, што неўзабаве прыедуць міліцыянты. Але праз гадзіну ніякай міліцыі няма. Магчыма, звычайны чалавек на гэтым і спыніўся б, але я працягваю спробы прымусіць праваахоўнікаў рэагаваць. Зноў набіраю міліцыю і ўжо больш настойліва спрабую даведацца, чаму ніхто не прыехаў, у адказ мне кажуць: міліцыя – сурёзная арганізацыя і не трэба загадным тонам з імі размаўляць. Праз паўтары гадзіны прыязджае працаўнік ДАІ… і кажа, што ніяк не можа вырашыць праблему, ды з’язджае.

Сігналізацыя на машыне працягвае раўсці. У міліцыю тэлефануе жонка, выклік ізноў прыняты, але ніхто не прыязджае. Тэлефаную на кругласуткавы тэлефон даверу МУС, але і там ніхто не адказвае! Тады набіраю асабісты нумар участковага міліцыянта і ён абяцае дапамогу. Праўда, толькі раніцай.

«Пратрываеце яшчэ адну ноч, мінулыя ж пацярпелі. І раніцай усё вырашым», – кажа ўчастковы на развітанне.

Але праз паўгадзіны прыехала патрульна-паставая служба. На маю прапанову скласці пратакол на гаспадара машыны за шум у начны час, міцліцыянты кажуць, што нічога не могуць зрабіць.

«Вось калі б людзі шумелі, то, вядома, прыцягнулі б іх да адміністрацыйнай адказнасці, але як мы да яе прыцягнем аўтамабіль?» – заявіў адзін з іх.

Праўда, праблема ўсё ж была вырашана, машына знікла пасля пяці званкоў у міліцыю цягам пяці гадзінаў, і ноч была спакойнай.

Што ж рабіць, калі міліцыя не прыязджае на ваш выклік пра гэта мы запыталіся ў юрыста Аляксандра Жука:

«Трэба тэлефанаваць зноў і потым пісаць скаргу на імя начальніка РАУС».

Што да спрацоўвання аўтасігналізацыі у начны час, у беларускім Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях няма адпаведнага артыкула, праз які можна было б прыцягнуць да адказнасці гаспадара такога аўтамабіля.

У Маскве, напрыклад, дзейнічае адмысловы закон 2002/07/12 года № 42 «Аб захоўванні спакою грамадзянамі і цішыні ў начны час у горадзе». У законе гаворыцца, што за выкарыстанне гукавых сігналаў ахоўнай сігналізацыі аўтамабіляў, што пацягнула парушэнне спакою і цішыні ў начны час, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. У нашай краіне падобнай нормы пакуль няма.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў