Жэст адчаю: маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў ствараюць праваабарончую арганізацыю


Выбіванне прызнанняў, фальсіфікацыя доказаў, а як вынік – доўгатэрміновыя прысуды. Калі міліцыянт захоча даказаць, што вы прадалі наркотыкі, не разлічвайце на дапамогу.

«328 не проста лічба» – так завочна бацькі называюць свой аргкамітэт. Назву падказаў аднайменны артыкул КК РБ – «незаконны абарот наркатычных сродкаў». Стварэнне аргкамітэту – жэст адчаю, бо папярэдне ўжо былі лісты ў суды, пракуратуру, нават прэзідэнту. Каб дапамагчы дзецям, а таксама падтрымаць адно аднаго патрэбная арганізацыя. З гэтай нагоды на выходных у Горадні бацькі зладзілі невялічкую прэс-канферэнцыю.

«З’ехаў на заробкі»

Бацькі асуджаных просяць пакуль не фатаграфаваць іх твары і не даваць прозвішчы ў СМІ. У кагосьці, напрыклад, нават іншыя чальцы сям’і не ведаюць, што дзеці за кратамі: «з’ехаў на заробкі» – вось універсальная адгаворка…

Жанчыны, а збольшага на сустрэчу прыйшлі менавіта маці, даводзяць, што не апраўдваюць наркаманію і наркаманаў як з’яву, але ўказваюць на дзясяткі парушэнняў, якія робяць праваахоўнікі падчас падобных працэсаў: перавод затрыманага з катэгорыі спажыўца ў распаўсюдніка, катаванні, некарэктныя вобшукі і інш.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Нам затыкаюць рот»

Сын Валянціны Пятроўны быў затрыманы разам з сябрам з 147 грамамі каноплі. Сябру гэта кваліфікавалі як захоўванне без мэты продажу, а сыну – з мэтай. У ІЧУ, як распавядаў сын, збівалі…

«Мы жывем у цудоўнай квітнеючай дзяржаве, у якой не хапае толькі справядлівасці, – праз слёзы кажа Валянціна Пятроўна, – нам затыкаюць рот. Бо як нешта скажаш, створаць умовы каб ты не мог жыць у гэтым горадзе. Значыць гэта сістэма, створаная прэзідэнтам…»

«Калі хлопцу 17 і яго садзяць на 10, то кім ён выйдзе?»

Вольга Казіміраўна, сын якой таксама знаходзіцца за кратамі звяртае ўвагу на вялікія тэрміны, якія атрымліваюць збольшага маладыя і людзі, якія не бачылі жыцця:

«Так, трэба змагацца з наркаманіяй, наркотыкі не давядуць да дабра, такога ніводнай сям’і не пажадаеш. Але мы павінны разумець дзяцей і выцягваць іх з гэтага. Трэба даваць шанец выправіцца. Бо калі хлопцу 17 або 20 год і яго садзяць на 10, то кім ён выйдзе?»

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Сыну Вольгі Казіміраўны далі 11 год: захоўванне, продаж, перавозка… Ён жыў на кватэры разам з хлопцам, да якога прыйшлі міліцыянты па справе аб зніклых аўтамабілях. Са словаў сына, абодвух міліцыя збіла. Панятыя адзначылі, што вагі і трубкі для палення вынеслі менавіта з памяшкання арэндадаўцы, якое было зачыненае – хлопцы туды не ўваходзілі.

«У РАУСе сына збівалі скавародкай… ён ва ўсім прызнаўся»

«Харчовы кантэйнер, у якім былі знойдзеныя наркотыкі, супрацоўнікі нават не забралі з сабой, – абураецца маці, – Як такое наагул можа быць? Сына падчас затрымання ўдарылі чыгуннай патэльняй. Яе пасля забралі ў РАУС… І там яго зноў збівалі – патэльняй. Ён ва ўсім прызнаўся – акрамя гэтых сведчанняў, якія даў пад катаваннямі, у міліцыі нічога няма. Толькі на судзе сын сказаў праўду».

Сапраўдны ж гаспадар кватэры хаваўся некалькі дзён пасля вобшуку. У прыватнай размове, як кажа Вольга Казіміраўна, ён нават прызнаўся, што з’яўляецца інвалідам 2-й групы, мае хворыя ныркі і таму час ад часу ўжывае… Падаў у ногі, прасіўся, каб яго не чапалі: бо хворы, бо хутка сын народзіцца.

«І адвакат, і следчы ўгаворвалі нас, каб сын узяў на сябе і тады пойдзе па першай частцы, – працягвае маці, – інакш – будзе група, а значыць трэцяя частка, больш цяжкая. А што мне было думаць? Паверыла. Але яму далі 3-ю частку…»

«З хворых людзей робяць наркабаронаў»

Падчас размовы як на далоні дзесяткі зламаных лёсаў – не толькі саміх наркаманаў, але і чальцоў іх сем’яў. Не сутыкаючыся з сістэмай правасуддзя ў Беларусі, для большасці бацькоў усё гэта стала шокам.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Рэфрэнам у размове гучыць: чаму замест таго, каб ратаваць і выцягваць дзяцей, з іх робяць злачынцаў і даюць па 10-11 год? Чаму з хворых людзей робяць распаўсюднікаў, ледзьве не наркабаронаў? Чаму з праблемы і чалавечай бяды нехта робіць паказнікі па затрыманнях і закрыцці справаў?

На спатканнях у ізалятарах ды калоніях дзеці наўпрост кажуць бацькам: раней мы не ведалі пра наркотыкі нічога, зараз не ведаем ні пра што, акрамя наркотыкаў… Дык пра якое «перавыхаванне» ідзе размова?

Зразумела, што ў нас няма аб’ектыўнай мажлівасці праверыць кожную з расказаных гісторыяў. Зразумела, што кожная маці будзе да апошняга бараніць свайго сына, якім бы ён не быў. Але калі ў інфармацыйным полі віруе адно афіцыйная думка пра «гераічную барацьбу» з наркаманіяй, недзе мае быць месца і сведчанням пра парушэнні, падтасоўкі і нават катаванні, цягам гэтай «барацьбы».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў