Жанчыны ідуць у танкавыя войскі, пяхоту і дэсант. Ідэалогія ці прагматызм?


Міністэрства абароны Японіі збірацца адмяніць абмежаванні на службу жанчын у сваіх Сілах самаабароны ўжо ў гэтым месяцы, піша японская газета mainichi.jp.


Жанчыны-вайсковаслужбоўцы Сіл самаабароны Японіі на парадзе пад Токіа. Фота Reuters.

Цяпер узброеныя сілы Японіі, якія пасля Другой сусветнай вайны афіцыйна называюцца Сіламі самаабароны, уключаюць прыкладна 6% жанчын – каля 14.000 асобаў. Вырашана падвысіць гэтую долю да 12%, паведаміла міністр абароны Тамомі Інада.

Японскія жанчыны ўжо могуць вадзіць у бой баявыя самалёты і караблі – у 2016 годзе першы раз у гісторыі жанчына стала камандзірам ракетнага карабля японскіх ВМС. Аднак раней у падраздзяленні, якія маюць уступаць у непасрэдны фізічны кантакт з праціўнікам, жанчын не набіралі.


Жанчыны-навабранцы ў Сухапутных войсках Японіі ў палявой уніформе. Фота wikipedia.

Цяпер жа абмежаванні на набор жанчын у танкавыя, пяхотныя, разведвальныя і парашутна-дэсантныя падраздзяленні будуць адмененыя.

«Мы імкнемся зрабіць Сілы самаабароны прывабнымі, адпавядаючымі патрэбам часу і сітуацыі», – сказала міністр.

Аднак жанчынам усё яшчэ будзе забаронена служыць у частках радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама на падводных лодках, дзе праз недахоп месца цяжка стварыць умовы для абодвух палоў.

Жанчыны ідуць у войска

Працэс пашырэння ўдзелу жанчын у абароне Японіі пачаўся яшчэ ў 1990-я гады, і адной з прычын гэтага стала скарачэнне ахвотных служыць у ўзброеных сілах – як у выніку старэння і скарачэння насельніцтва, гэтак і з-за пашыранага сярод падлеткаў пацыфісцкага светапогляду.

Падчас прэзідэнцтва Барака Оўбамы прыцягненне жанчын на лінію фронту стала адной з важных задач адміністрацыі. Жанчынам дазволілі служыць на баявых пасадах у пяхоце, падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння, танкавых войсках ЗША. Сёлета першыя тры жанчыны паступілі на службу ў баявы батальён марской пяхоты ЗША, скончыўшы курс маладога байца.


Жанчыны-навабранцы ў амерыканскім Корпусе марской пяхоты. Фота usnews.com.

Найбольш вядомы сваймі жаўнерамі-вайсковаслужачымі Ізраіль, дзе існуе амаль пагалоўны вайсковы прызыў, які, насуперак пашыраным у постсавецкіх краінам міфам, не замінае існаванню высокаэфектыўнай вайсковай машыны.

Аднак многія эксперты, у тым ліку ў самім Ізраілі, пры гэтым звяртаюць увагу на непрактычнасць выкарыстання жанчын у актыўна ваюючай пяхоце, танкавых войсках і артылерыі, дзе больш лёгкі і менш трывалы жаночы арганізм мае большую рызыку атрымаць траўмы. Гэта стварае падвышаную небяспеку для жанчын у баі і прыводзіць да зніжэння баяздольнасці ўсяго падраздзялення.

Пра гэта сведчылі і статыстычныя дадзеныя траўматызму жанчын і мужчын у ўзброеных сілах ЗША, аднак, па ідэалагічных матывах, пры прэзідэнце Оўбаму гэтую інфармацыю было вырашана ігнараваць.


Ізраільцянка-танкістка падчас эксперымента па прыцягнення жанчын у танкавыя войскі.

Той жа Ізраіль, які мае ці не самы вялікі досвед выкарыстання жанчын у арміі, асцярожна ставіцца да прыцягнення жанчын да службы ў падраздзяленнях, дзе патрабуецца высокая трываласць і фізічная сіла.

«Згодна з гэтымі даследаваннямі, сярэдні рост жанчын на 12 см ніжэйшы чым у мужчын, сярэдняя вага на 10 кг меншая, мышачная маса на 20 кг меншая… У сярэднім жанчыны ў тры разы часцей пакутуюць на астэапароз», – адзначае ізраільскі афіцэр рэзерву і вайсковы эксперт Давід Гендэльман у сваім блогу.

У траўні 2015 года пасля правядзення эксперымента, які працягваўся прыкладна год, Армія абароны Ізраіля вырашыла не адкрываць для жанчын пасады танкістаў, палічыўшы гэта непрактычным ва ўмовах вялікіх нагрузак і патрэбы доўгі час суіснаваць разам з мужчынамі ў палявых умовах.


Жаўнеры змешанага батальёна Caracal. Фота Reuters

Жанчыны ў ізраільскай арміі служаць ва ўсіх радах войск, аднак масава – толькі там, дзе не плануецца непасрэднага цяжкага ўдзелу ў баях. Існуюць таксама змешаныя мужчынска-жаночыя батальёны, аднак яны прызначаныя пераважна для патрулявання адносна спакойных адцінкаў ізраільскай мяжы, дзе не чакаецца цяжкіх баёў. Жаночае абмундыраванне ў такіх частках больш лёгкае, чым мужчынскае, выкарыстоўваюцца лягчэйшыя шлемы, яны носяць менш цяжкую зброю і меншы боезапас.

У той жа час дазваляецца прымаць жанчын на пасады лётчыкаў у баявой авіяцыі, бо там вельмі жорсткі індывідуальны адбор дазваляе прыймаць на службу толькі тых жанчын, якія цалкам задавальняюць усім умовам і адрозніваюцца самай высокай матывацыяй, воляй і фізічнай трываласцю.

Фотаздымкі прыгожых дзяўчат са зброяй надае арміі Ізраіля больш прывабнае аблічча.

«Мэта арміі – абарона дзяржавы, а не развіццё роўных правоў, самарэалізацыі і таму падобнага. Усе за і супраць трэба разглядаць менавіта ў свеце гэтай мэты», – адзначае Давід Гендэльман. Пры гэтым, па словах эксперта, прысутнасць жанчын у арміі адназначна мае пазітыўны піяр-эфект, чым Ізраіль паспяхова карыстаецца.

Гэтая заўвага дазваляе думаць, што за працытаванымі словамі міністра абароны Японіі «мы імкнемся зрабіць Сілы самаабароны прывабнымі», стаіць не ў малой ступені жаданне надаць японскай арміі новае аблічча з мэтаю набраць у армію таксама і… больш хлопцаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары