Здарэнне ў Кіеве: хлопец ішоў з аўтаматам па цэнтры гораду і крычаў «Крым наш»


Фота: kyiv.npu.gov.ua

Паліцыя затрымала хлопца з аўтаматам каля будынку Кабінету Міністраў.

«Малады чалавек у амуніцыі і масцы на твары выйшаў з таксі каля Кабміну і рухаўся ў напрамку Вярхоўнай Рады, дзе прайшла масавая акцыя. Яго затрымалі: падчас павярхоўнага агляду ў яго канфіскавалі прадмет, падобны на карабін, два кастэта, нажы і дымавую шашку», – паведамілі ў паліцыі Кіева.

Праваахоўнікі заўважылі пасажыра таксі, які выйшаў з салона ў сродках індывідуальнай абароны – масцы і бронекамізэльцы. Падчас агляду ў хлопца знайшлі зброю, якая візуальна нагадвае аўтамат Калашнікава, кастэты, нажы і дымавую шашку.

На Facebook-старонцы «Киев оперативный» паведамляецца, што патроны, якія былі ў затрыманага, халастыя. Таксама яны спасылаюцца на сведкаў, якія казалі, што хлопец ішоў па вуліцы Садовай і крычаў «Крым наш».

Затрыманага адвезлі ў тэрытарыяльнае ўпраўленне паліцыі, зараз з ім працуюць следчыя.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары