Затрыманы на Дзень Волі расеец Паліховіч: Свабоды і ім, і нам


Грамадзянін Расеі Аляксей Паліховіч, які быў затрыманы ў Менску 25 сакавіка і 12 сутак правёў за кратамі, дэпартаваны з Беларусі. Яму забаронена ўязджаць у краіну бліжэйшыя 10 гадоў – да 1 красавіка 2027 года. Пра гэта Паліховіч паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook:

Хачу пахваліцца – у РБ я цяпер персона нон-грата на 10 гадоў. А так цэлы і цэлы, а вось людзі ў Менску яшчэ сядзяць. Свабоды і ім, і нам.

Акрамя Паліховіча 25 сакавіка ў Менску беларускія ўлады асудзілі яшчэ трох расейцаў і аднаго украінца. Андрэуша Шчуру затрымалі на чыгуначным вакзале і прызналі вінаватым у дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка). Грамадзянаў Расеі Павла Ермалаева і Вольгу Рошчыну асудзілі на 5 і 13 содзень адміністрацыйнага арышту адпаведна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Грамадзяніна Украіны Руслана Цярэшчанку асудзілі да 15 содзень арышту за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Андрэуша Шчуру абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі штраф.

Гэта не адзіныя замежнікі, якіх затрымалі падчас акцый прымеркаваных да Дня Волі. Вядома пра брытанскага журналіста Філіпа Ўорыка, з якога здзекаваліся амапаўцы.

Міністэрства замежных справаў Беларусі атрымала ноту з патрабаваннем патлумачыць прычыны ды абставіны затрымання грамадзянаў Украіны.

25 сакавіка на Дзень Волі толькі ў Менску было затрымана каля 700 чалавек. 26 сакавіка ў сталіцы затрымалі яшчэ больш за 20 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр гораду на знак салідарнасці з затрыманымі напярэдадні. Вядома, што каля 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску 26 сакавіка. Затрымлівалі людзей і ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мазыры, Гомлі, Віцебску.

27 сакавіка ў Менску прайшлі масавыя суды над затрыманымі 25 і 26 сакавіка. Содні і штрафы атрымалі больш сотні чалавек.

Поўны спіс затрыманых на акцыях.

ВД, паводле naviny.by

Стужка навінаў