Запуск Паўночнай Карэяй спадарожніка збярэ сёння Раду Бяспекі ААН


Кім Чэн Ын назірае за запускам ракеты на касмадроме Сохэ, 7 лютага 2016 года; Reuters/Kyodo

«Чароўны след дыму спадарожніка Чучхэ ў чыстым і блакітным небе гэтага веснавога лютага распачаў Дзень зыркае зоркі», – абвесцілі сёння па паўночнакарэйскім тэлебачанні. КНДР цяпер не толькі ядравая, але і касмічная дзяржава.

Паўночная Карэя запусціла ракету вялікай далёкасці – гэтак, на думку міжнароднай супольнасці, краіна спраўджвае сваю ракетную тэхніку, у прыватнасці балістычную ракету, што можа даставіць ядравую зброю ў любое месца на планеце.

Паводле запыту Японіі, Паўднёвай Карэі і ЗША сёння аб 11:00 (19:00 паводле Менску) збярэцца надзвычайнае паседжанне Рады Бяспекі ААН.

Паўднёвая Карэя кажа, што гатовая прыступіць да абмеркавання са Злучанымі Штатамі разгортвання сістэмы супрацьракетнай абароны.

Паўночнакарэйскае тэлебачанне сцвярджае, што запуск мае выключна мірныя мэты.

У студзені КНДР заявіла пра паспяховае выпрабаванне вадароднай бомбы. Цяпер, калі ў гэтай бомбы з’явіўся транспарт, Паўночная Карэя становіцца зусім іншым гульцом сусветнай палітыкі – усцяж непрадказальным.

ДД

Глядзі таксама
Каментары