«Захад-2017» пагражае кожнай еўрапейскай дзяржаве: Міністр абароны Украіны


Вераснёўскія расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» пагражаюць не толькі Украіне, але і кожнай еўрапейскай дзяржаве, што мае супольную з Расеяй мяжу.

Такое меркаванне выказаў міністр абароны нашых паўднёвых суседзяў Сцяпан Палтарак пасля абмеркавання гэтых манеўраў з генсакратаром Паўночнаатлантычнага альянсу Йенсам Столтэнбэргам.

Кіеў неаднаразова выказваў заклапочанне восеньскімі манеўрамі і заяўляў, што пасля іх заканчэння расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі. Такую інфармацыю пацвярджалі таксама абарончыя ведамствы краінаў Балтыі. Айчыннае ж міністэрства абароны называла такія заявы надуманымі. У беларускай частцы вучэнняў, што пройдуць з 14 па 20 верасня возьмуць удзел каля 3 тысяч расейскіх вайскоўцаў і 280 адзінак тэхнікі. Хаця размах большы за мінулыя манеўры 2013 году, то сёлетнія вучэнні прымуць у два разы менш расейскіх жаўнераў, чымся пад час рэкордных «Захаду-2009».

Нядаўна Лукашэнка запэўніў, што на вучэннях Беларусь будзе адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашыя патэнцыйныя супернікі. А міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў «трызненнем» размовы пра планы Расеі акупаваць Беларусь.

«Захад-2017» разбурае канцэпт пра міратворчасць Менску

Афіцыйны Менск вельмі затурбаваны ваеннымі вучэннямі «Захад-2017», прынамсі – піяраўскім складнікам.

– Вайсковыя вучэнні вельмі непрыемныя для Менска, бо разбураюць знешнепалітычную канцэпцыю, якую беларускі МЗС пачаў рэалізоўваць пасля Крыму: Беларусь міратворчая, донар бяспекі ў рэгіёне. А сумесныя ваенныя вучэнні з краінай, якая лічыцца ў рэгіёне агрэсарам, разбурае створаны канцэпт. Таму беларускі бок імкнецца змікшыраваць праблему. Па ёй магчымая дыскусія паміж Лукашэнкам і Пуціным, як у піяраўскім сэнсе для вонкавага свету прэзентаваць вучэнні «Захад-2017». Рыторыка расейская боку больш жорсткая, Менску – больш мяккая – трэба вызначыць агульную стратэгію паводзінаў, – адзначаў у размове з belsat.eu Валер Карбалевіч.

Апрача таго, Мінабароны Беларусі падпісала кантракт на закупку 12 расейскіх знішчальнікаў. Самалёты будуць пастаўляцца ў крэдыт, і магчыма, што Лукашэнка будзе прасіць зніжку, льготныя ўмовы паставак знішчальнікаў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары