За ўскладанне кветак да помніка Каліноўскаму – штраф 4,5 млн рублёў

photo

Міліцыянты блытаюцца наконт статусу бел-чырвона-белага сцяга, а на акцыі, паводле іх, прамаўляў сам Януковіч… У Свіслачы судзілі Юрася Глебіка, аднаго з удзельнікаў акцыі ў гонар паўстанцаў 1863-1864 гадоў.

З пытаннямі пра традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года, якое сёлета прайшло 31 кастрычніка, да актывіста са Свіслачы Юрася Глебіка міліцыянты прыходзілі больш як тыдзень таму. Адказваць на пытанні Глебік адмовіўся, але неўзабаве атрымаў павестку ў суд – поштай. Суд пачаўся сёння, 19 лістапада, а 14-ай гадзіне.

Актывіста і прыватнага прадпрымальніка абвінавачвалі ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт. 23.34 Адміністратыўнага кодэксу).

Актывіст і прадпрымальнік Юрась Глебік

Міліцыянты блыталіся ў паказаннях і нават не ведалі, забаронены бел-чырвона-белы сцяг ці не

Юрась Глебік

«Ушанаванне нацыянальных герояў – гонар, а не злачынства, – казаў абураны спадар Глебік. – Тое, што за гэта кагосьці пераследуюць – абсурд. Значыць, у людзей, якія складаць пратаколы, няма ні памяці, ні Дзядоў. Іх «ідэалогія» стаіць на пастаментах у кожным горадзе ды мястэчку…»

Вёў працэс суддзя Аляксандр Шылін. У якасці сведкаў былі выкліканыя міліцыянты, якія прысутнічалі падчас акцыі: маёр Аляксандр Барэль ды начальнік Свіслацкага ізалятара часовага ўтрымання Аляксандрр Гуштын.

Міліцыянты не мелі агульнага меркавання наконт прававога статусу бел-чырвона-белага сцяга, выкарыстанага падчас акцыі. На пытанне Глебіка, ці гэты сцяг забаронены, першы адказаў, што не ведае, другі адназначна сцвярджаў, што забаронены. Ніякіх доказаў, праўда, прыведзена не было.

Юрась Глебік на працы

Яшчэ адным курёзам быў спіс асобаў, якія нібыта прамаўлялі падчас мерапрыемства. У рапарце іншага міліцыянта, які зачытаў суддзя, у прыватнасці, быў… Януковіч. Ці меў супрацоўнік МУС на ўвазе былога прэзідэнта Украіны або гэта выкручанае прозвішча лідара ПБНФ Аляксея Янукевіча? Таямніца.

Вынік працэсу: штраф актывісту ў памеры 25 базавых велічыняў, што складае Br 4,5 млн. Юрась Глебік сваёй віны не прызнаў.

На чарзе, відавочна, новыя працэсы за Свіслач-2015. У прыватнасці, некаторыя гарадзенскія актывісты – Уладзімір Хільмановіч, Віктар Сазонаў, Эдуард Дзмухоўскі – ужо папярэджаныя пра справы супраць іх па тым жа артыкуле.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары