За спіной «Вейшнорыі»: Якія войскі НАТО будуць стаяць насупраць «Захаду-2017»


 

Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017», якія выклікалі занепакоенасць усіх суседзяў Беларусі, пачнуцца 14 верасня. Але за два тыдні да пачатку вучэнняў міжнацыянальны кантынгент НАТО ў суседніх краінах паведаміў пра сваю поўную баявую гатовасць.

Анексія Крыму і пачатак гібрыднай вайны Масквы супраць Украіны на Данбасе ў 2014 годзе рэзка павялічылі напружанасць у нашым рэгіёне. Польшча (далучылася да НАТО ў 1999 годзе), Літва, Латвія, Эстонія (далучыліся ў 2004 годзе) падвысілі выдаткі на абарону і звярнуліся да Паўночна-Атлантычнага альянсу з просьбай аб падтрымцы, перш за ўсё – вайсковай.

Канадскія жаўнеры падчас вучэнняў у Латвіі ў жніўні 2017 г. Фота forces.gc.ca

Спачатку выраслі сілы баявой авіяцыі НАТО, якія патрулявалі ўсходнія межы альянсу, потым – і вайскова-марская групоўка. Рэзка выраслі колькасць і маштабы вучэнняў краінаў НАТО і іхных пазаблокавых партнёраў ва Усходняй Еўропе – у мінулым годзе прайшлі беспрэцэдэнтна вялікія манеўры «Anaconda» на тэрыторыі Польшчы і краінаў Балтыі. У сёлетнім ліпені 25 тыс. жаўнераў з 22 краінаў прынялі ўдзел у вучэннях «Saber Guardian» у Вугоршчыне, Румыніі і Балгарыі.

«Стрымліваць» і «запэўніваць»

У сваёй рэакцыі на дзеянні Масквы ЗША як галоўная сіла і рухавік альянсу сыходзяць з ідэі стрымлівання Крамля праз дэманстрацыю сваёй гатовасці цалкам падтрымаць змаганне за незалежнасць сваіх усходніх хаўруснікаў.

Амерыканская самаходная гаўбіца «M109A6 Paladin» вядзе агонь падчас вучэнняў у Нямеччыне, жнівень 2017 г. Фота US Army Sgt. Matthew Hulett

Дзеля гэтага ў кожнай з краін Балтыі і ў Польшчы вырашана было паставіць так званыя «вартавыя сілы» – невялікія кантынгенты заходніх краінаў НАТО, якія могуць быць адразу кінутыя ў бой. Іхная прысутнасць на полі бою наўрад ці ўратуе Эстонію, Літву ці Латвію ў выпадку маштабнай атакі, затое практычна гарантуе самую жорсткую рэакцыю краінаў альянсу на рэальную пагрозу.

Такім чынам былі створаныя чатыры пастаянныя баявыя групы «Разгорнутай перадавой прысутнасці НАТО» у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы.

Амаль за два тыдні да пачатку «Захаду-2017» НАТО паведаміла пра поўную аператыўную гатовасць гэтых сілаў.

«Вартавыя»

У Эстоніі гэты пяхотны батальён брытанскай арміі на баявых машынах пяхоты з танкамі і самаходнай артылерыяй, сапёрамі і іншымі сіламі падтрымкі. Плюс мотапяхотная рота французаў таксама з бранятэхнікай і сіламі падтрымкі. Разам каля 1.100 чалавек.

У Латвіі – адзін батальён канадскай мотапяхоты, польская танкавая рота, роты мотапяхоты з Італіі і Іспаніі з падраздзяленнямі падтрымкі. Разам 1138 чалавек.

У Літве – нямецкі мотапяхотны батальён (з танкамі), роты з Нідэрландаў і Нарвегіі. Плюс сілы падтрымкі. Разам 1022 чалавекі.

Ролік «Мы – НАТО». Відэа НАТО

У Польшчы – амерыканскі мотапяхотны батальён з танкамі, разведвальная рота з Вялікай Брытаніі, батарэя супрацьпаветранай абароны з Румыніі. Разам – 1270 чалавек.

Зразумела, што да іх варта дадаць арміі саміх Польшчы і краінаў Балтыі. У Польшчы гэта каля 60.000 чалавек у сухапутных войсках, у Эстоніі – каля 6.000, у Латвіі – каля 5.000 чалавек, у Літве – каля 17.000.

Сумесныя вучэнні латышскіх і амерыканскіх вайсковых медыкаў, жнівень 2017 г. Фота US Army Pfc. Nicholas Vidro

Неба над краінамі Балтыі ў гэты час будуць патруляваць амерыканскія знішчальнікі «F-15 C» і бельгійскія «F-16».

Наступныя эшалоны абароны

Акрамя «вартавых» сілаў у складзе НАТО з 2014 году створаныя сілы высокай гатовасці ў складзе 5.000 чалавек – прыкладна адна пяхотная брыгада з сіламі падтрымкі. На наступным этапе ў выпадку значнага крызісу мусяць дадацца яшчэ дзве брыгады.

Пры разгортванні вострага канфлікту, які патрабуе маштабнай рэакцыі, НАТО даставіць на месца бою свае Сілы рэагавання прыкладна ў 40 тыс. жаўнераў.

Супраць Вейшнорыі

НАТО падкрэслівае абарончы характар сваіх груповак – сапраўды, 4.500 жаўнераў розных нацыянальнасцяў у Польшчы і краінах Балтыі не пагражаюць ані Беларусі, ані Маскве.

У вучэннях «Захад-2017» на беларускай тэрыторыі прымаюць удзел прыкладна 9.000 беларускіх вайскоўцаў і 3.000 расейцаў. Таксама, яшчэ некалькі тысяч вайскоўцаў арміі РФ будуць у той жа час трэніравацца ў Расеі.

Расейскія танкісты «прарываюць абарону праціўніка» падчас вучэнняў пад Варонежам у жніўні 2017 году

Аднак амерыканскі генерал-лейтэнант Бен Ходжэс выказаў сумнеў у расейскіх дадзеных – вучэнні «Захад-2017» зʼяўляюцца для Масквы галоўнымі вучэннямі года, і на тэрыторыі РФ яны будуць праходзіць амаль па ўсёй заходняй мяжы Расеі, у тым ліку ў Калінінградзе і на Балтыйскім флоце. Войскі РФ на гэтых тэрыторыях складаюць больш за 400.000 чалавек.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў