За марыхуану і супраць баршчэўніка: з чым кандыдаты ідуць у парламент?


Праграмы – новыя, прапановы – старыя. Сёлета кандыдаты ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах не атрымалі дзяржаўных сродкаў на правядзенне агітацыі, але ўсё роўна настроеныя змагацца за сваіх выбарнікаў. Ачысціць зямлю ад баршчэўніка, легалізаваць марыхуану, надаць правы жывёлінам, пашырыць магчымасці для мясцовага кіравання. З чым яшчэ ідуць кандыдаты ў народ?

Разважай глабальна, дзейнічай лакальна. Адразу пяць кандыдатаў у дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду» паўдзельнічалі ў агульнагарадскім пікеце на сталічнай вуліцы Няміга. Сёлета Таццяна Караткевіч, якая вылучаецца ў парламент па 97-й Кастрычніцкай акрузе, вяртаецца да сваёй праграмы з мінулых парламенцкіх выбараў, надаючы ўвагу змаганню са шкоднаю раслінаю – баршчэўнікам.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА Ў ДЭПУТАТЫ, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»

«Трэба асвойваць гэтыя землі – гэта першае. Ну, а па-другое, я атакую мясцовыя ўлады штогод, і вось за гэтыя чатыры гады мы дамовіліся нарэшце правесці супольны суботнік разам з «Зяленбудоўляй», якая адказвае за гэтую тэрыторыю і якая паабяцала змагацца за тое, каб баршчэўнік больш не рос».

А вось Вольга Маёрава, кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, напярэдадні выкарыстала пікет адначасова і як пляцоўку для збору подпісаў пад дзвюма ініцыятывамі: аб прыняцці Закону абароны жывёлы ды аб стварэнні пры Менскім гарвыканкаме грамадскай рады для кантралявання забудовы ў сталіцы.

ВОЛЬГА МАЁРАВА, КАНДЫДАТКА Ў ДЭПУТАТЫ, АГП:

«Калі б мы былі чальцамі Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, мы б правялі рэферэндум, што будаваць, куды накіраваць грошы з мясцовага бюджэту і гэтак далей. Але ў нас абсалютна няма механізмаў, каб самыя людзі прымалі неабходныя рашэнні. Мы хочам змяніць гэтую сітуацыю, з гэтым я і іду ў парламент».

Ці пойдуць выбарнікі на сёлетнія парламенцкія выбары, мы запыталіся ў жыхароў сталічнага раёну Зялёны луг.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Вось я канкрэтна пайду таму, што жывёліну падтрымлівае. Вось я асабіста пайду на выбары па гэтай прычыне. Канкрэтная мэта пастаўленая чалавекам. Не абяцанні шмат чаго, а канкрэтная мэта. Маленькая, але канкрэтная».

«Падтрымаем дэпутатаў, якія выкажуць нашую праграму».«Хачу, каб у нашай рэспубліцы ўсе было як трэба, на вышэйшым узроўні. І што б абралі менавіта прыстойнага чалавека».

Пакуль жа агітацыйных пікетаў як з боку праўладных, гэтак і дэмакратычных кандыдатаў у сталіцы не багата. Сёлетнюю незаўважаную агітацыйную кампанію адмыслоўцы тлумачаць не толькі зніжэннем цікавасці да выбараў з боку міжнароднай супольнасці, але і адсутнасцю дзяржаўнага фінансавання на яе правядзенне.

ЮРЫЙ ЧАВУСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

«Гэта новы выклік для кандыдатаў, такое ўжо было падчас прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў, але на парламенцкіх такое – упершыню. Напэўна, гэта яшчэ больш знізіць бачнасць кампаніі для шараговых выбарцаў, для электарату».

Усяго ж за дэпутацкія крэслы ў парламенце пазмагаюцца 522 кандыдаты – менавіта такі лік сёння агучыла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Што праўда, гэтая колькасць да 11-га верасня можа змяніцца – напрыклад, калі нехта здыме сваю кандыдатуру ці калі задаволяць скаргу тых, каго ЦВК не зарэгістраваў у якасці кандыдата.

Змаганне з баршчэўнікам, закон аб абароне жывёлінаў, пашырэнне мясцовага самакіравання – кожны з кандыдатаў ідзе ў парламент са сваймі прапановамі. Ці стануць гэтыя праблемы вырашальнымі пры галасаванні, ды хто ўрэшце пройдзе ў Палату прадстаўнікоў, застанецца інтрыгай яшчэ на бліжэйшыя чатыры тыдні.

Віталь Бабін belsat.eu

Стужка навінаў