За бягучы год – чатыры гучныя судовыя справы. Сёння беларускія мытнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята


Дзень мытніка ў Беларусі выпадае на 20 верасня. Адпаведнае віншаванне з’явілася на сайце беларускай мытнай службы. Там жа паведамляецца, што толькі на гэтым тыдні беларускія мытнікі спынілі некалькі спробаў незаконнага правозу тавараў праз мяжу. Разам з тым, цягам 2017 году чатыры гучныя справы аб карупцыі на мытні разглядаліся ў судах у Менску, Магілёве і Гомлі.

Ялавічына для Расеі

У 2015 годзе 37-гадовы жыхар Мазыра, які звольніўся з мытнай службы яшчэ ў 2008-м, прапанаваў сваім былым калегам дапамагчы з транспартам беларускай ялавічыны ў Расею. Фуры везлі мяса больш за дазволеную колькасць, а таксама без належных дакументаў. Супрацоўнікі мытні за ўзнагароджанне бесперашкодна прапускалі машыны з ялавічынай у пункце пропуску Селішча Добрушскага раёну.

Па дадзеных следства, падобным чынам гэтыя супрацоўнікі дапамагалі і іншым. За пропуск без дакументаў або з перавышэннямі нормы яны атрымлівалі ад 40 BYN да 40 USD. У судзе абвінавачаныя прызналі сваю віну.

У чэрвені 2017 году Цэнтральны суд Гомлю вынес вырак па гэтай справе тром былым супрацоўнікам Мазырскай мытнай службы за атрыманне хабару – чатыры і чатыры з паловай гады калоніі з канфіскацыяй. Ініцыятар перавозу ялавічыны ў Расею атрымаў два гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму – за тое, што даваў хабар паўторна.

Мытні ў Ашмянах больш не будзе

58 былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні былі асуджаныя сёлета за хабары і прызнаныя ўдзельнікамі карупцыйнай схемы. Па версіі абвінавачвання, яны незаконна прапускалі буйныя партыі тавараў праз дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску «Каменны Лог» і атрымлівалі ўзнагароджанне ад 80 USD да 750 USD.

У 2015-ым годзе справу ашмянскіх мытнікаў распачаў Камітэт дзяржбяспекі. Тады ж гэтую справу каментаваў і кіраўнік краіны. Паводле Лукашэнкі, у карупцыйную схему былі ўлучаныя практычна ўсе працаўнікі Каменнага Логу. Гаворка пра шкоду дзяржаве на мільёны долараў, і гэтую шкоду, адзначыў ту той час Лукашэнка, мусяць скампенсаваць у трох- ці пяціразовым памеры.

Судовыя разбіральніцтвы па «справе ашмянскіх мытнікаў» цягнуліся амаль год. Большасць фігурантаў справы былі асуджаныя на тэрміны ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Двое атрымалі па 11,5 гадоў зняволення.

У асуджаных у кошт бюджэт дзяржавы канфіскавалі маёмасць, у тым ліку, нерухомасць, аўтамабілі і буйную тэхніку.

Па тэме:

З 1 кастрычніка 2017-га году Ашмянская таможня прыпыніць сваё існаванне. Пра гэта 11 жніўня паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрый Сенько. Зона адказнасці Ашмянскай мытні будзе перададзена ў юрысдыкцыю Горадзенскай рэгіянальнай мытні.

Садавіна і гародніна, зноў у Расею

30 жніўня распачаўся суд у Магілёве, дзе абвінавачваюцца пяць супрацоўнікаў Магілёўскай мытні ў хабарніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Па версіі следства, былы кіраўнік аддзелу па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі правапарушэннямі дамовіўся з падначаленымі атрымліваць хабары і дзяліць іх паміж сабой.

Па дадзеных следства, хабары мытнікам давалі прадпрымальнікі за тое, каб іх машыны з садавінай і гароднінай з Еўразвязу не спынялі і не правяралі на мяжы. Паведамляецца, што не менш за сем разоў абвінавачаныя атрымлівалі грошы, на суму агулам больш за 9 тысячаў долараў.

Абвінавачаныя мытнікі знаходзяцца пад арыштам. Трое з іх прызналі сваю віну і згадзіліся супрацоўнічаць са следствам.

15 супрацоўнікаў гомельскай мытні таксама чакаюць выраку

У канцы чэрвеня пачаліся судовыя паседжанні з удзелам супрацоўнікаў мытнай службы ў Гомлі. Затрыманымі апынуліся ажно два аддзелу Гомельскай мытні, сярод іх старэйшыя оперупаўнаважаныя і кіраўнік аддзелу па барацьбе з кантрабандай.

Адных мытнікаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і атрыманні хабару, іншых – у дачы хабару, махлярстве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Злачынная схема акрэсліваецца як і ў папярэдніх справах – бесперашкодны пропуск тавараў праз мяжу за «узнагароджанне», якое магло выглядаць і як бутэлька дарагога алкаголю і як сума грошай.

Акрамя мытнікаў, па гэтай справе праходзяць мясцовыя прадпрымальнікі.

Аляксандр Лукашэнка сёння таксама павіншаваў мытнікаў з іх прафесійным святам.

«Беларуская мытная служба ўкладае вялікі ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, забяспечвае напаўненне бюджэту і спрыяе знешняму гандлю», – заяўлена ў афіцыйным віншавальным паведамленні.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu, паводле інфармацыі belsat.eucustoms.gov.by, tut.by, belta.by

Глядзі таксама
Каментары