Дзесяць або дванаццаць сюррэалістычных скульптураў каталонскага мастака скралі са стакгольмскай галерэі «Couleur» уночы на чацвер, падае «Reuters».
Кожная з выкрадзеных работ ацэньваецца ад 18 да 47 тысячаў еўраў.
Паводле паліцыі, нападнікаў было імаверна двое.
Пасля нападу яны з’ехалі з месца злачынства цёмным аўтам «Audi».
Скульптуры вышынёю 10-12 см пазычылі для выставы, якая павінная была скончыцца ў суботу, са Швейцарыі.
«Яны каштавалі ад 200 000 да 500 000 крон ($ 21 000 да 52 000) кожная. Гэта вельмі вялікія грошы», – распавёў уладальнік галерэі Педэр Энстром.
Паводле экспертаў, злачынства зрабілі на замову або злодзеі не да канца ведаюць пра прынцыпы рынку мастацтва.
«Сёння вельмі складана прадаць працу, якая паходзіць з крадзяжоў. Мы жывем у лічбавыя часы, інфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка», – цытуе шведскага эксперта Магнуса Бэхеда «Rmf24».
Эксперт у мастацтве Клэйс Мозэр у размове з «Aftonbladet» распавёў, што прадаць скрадзеную рэч сёння практычна немагчыма.
«Гэткі тып крадзяжоў быў больш распаўсюджаны ў мінулым, калі рынак не быў настолькі ўважлівы. Тады вы маглі б прадаваць мастацтва ў іншых частках свету. Сёння рынак добра ахоўваецца», – дадае адмысловец.
ДД belsat.eu