З прапаноў Пуціна і Парашэнкі маюць скласці дакумент па ўрэгуляванні канфлікту


У Крамлі завяршыліся перамовы прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда, канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны.

Перамовы лідараў трох краін працягваліся больш за пяць гадзін. Пасля іх завяршэння ніякіх афіцыйных заяваў не было, падае interfax.ru.

Лідары Францыі і Нямеччыны пасля поўначы пакінулі Крэмль і адправіліся ў аэрапорт, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Ён апісаў сустрэчу «як змястоўную і канструктыўную».

Пяскоў распавёў аб падрыхтоўцы сумеснага дакументу дзеля ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны, які б улічваў прапановы Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

«Цяпер ідзе сумесная праца падрыхтоўкі тэксту магчымага сумеснага дакументу па імплементацыі (фактычнай рэалізацыі міжнародных дамоў унутры краіны – belsat.eu) менскіх дамоўленасцяў, дакументу, які ўключаў бы ў сябе прапановы прэзідэнта Украіны і прапановы, сфармуляваныя сёння і дададзеныя прэзідэнтам РФ Пуціным», – цытуе словы Пяскова pravda.com.ua.

Паводле яго, гэта робіцца для таго, каб потым гэты тэкст быў прадстаўлены на адабрэнне ўсім бакам канфлікту.

Пры гэтым Пяскоў адзначыў, што кантакты будуць працягнутыя, а іх вынікі будуць падведзены ў нядзелю падчас тэлефоннай размовы ў «нармандскага фармаце» (Украіна, Расея, Францыя, Нямеччына).

Еўрапейскія лідары прыбылі ў Маскву ў пятніцу ўвечары з бліц-візітам для абмеркавання шляхоў урэгулявання крызісу ва Украіне.

Напярэдадні ў Кіеве па зачыненымі дзвярыма яны правялі перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Пасля чатырохгадзіннай гутаркі без заяваў для прэсы лідары Нямеччыны і Францыі адправіліся ў свае сталіцы, каб менш чым праз содні сабрацца ўжо ў Маскве.

Як паведамляў партал Deutsche Welle, Мэркель і Алянд прывезлі на сустрэчу з Пуціным узгодненую ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам новую ініцыятыву мірнага ўрэгулявання на Данбасе.

МЯ, паводле interfax.ru, pravda.com.ua

Стужка навінаў