Юрый Зісер: Нашая нацыянальная ідэя – грамадзянская супольнасць


Кіраўнік медыяхолдынгу TUT.BY Юрый Зісер звярнуўся да беларусаў на свяце Дня Волі. Падаем змест ягонае прамовы цалкам.

«Дарагія сябры! Віншую нас усіх са стагоддзем аб’явы беларускай дзяржаўнасці!

(Прысутныя сустрэлі гэтыя словы крыкамі «ўра!»)

Нарэшце я бачу людзей, якія ўсміхаюцца, а то ўсе былі такія сур’ёзныя, як на 7 лістапада.

(Смех.)

Я вельмі цешуся, што сённяшняе свята арганізаванае не ўладамі, не палітычнымі партыямі, а перш за ўсё ініцыятыўнымі грамадзянамі. Гэта яскравая праява развіцця нацыянальнай ідэі ў сучасных умовах. Хопіць канапавай крытыкі і пасіўнага чакання цуду. Час перайсці да актыўнага паляпшэнню нашага жыцця сваймі сіламі. Чым больш мы будзем рабіць для сябе і іншых, тым святлейшая будучыня нашае краіны, тым мацнейшая незалежнасць.

Узгадваючы сёння гісторыю, важна памятаць пра тое, што будучыня краіны не можа ляжаць у яе мінулым. Таму нацыянальная ідэя павінная абапірацца не толькі на гісторыю, але і ўлічваць сённяшнія і будучыя інтарэсы большасці нашых грамадзянаў.

Нацыянальная ідэя не можа падзяляць людзей паводле іх поглядаў на гісторыю, па крыніцах прыбытку, мове, пагонах, пасадам. Ніхто не можа прыватызаваць нацыянальную ідэю, абʼяўляць сябе правільнымі пасля гэтага паслядоўнікамі, а іншых няправільнымі.

Найноўшая гісторыя нашай краіны паказала, што ідэалагічныя гета ў нас не маюць поспеху. Яны толькі раз’ядноўваюць нас і робяць нацыю слабым.

Толькі ідэі, якія нас усіх аб’ядноўваюць, адгукнуцца ў нашых душах і змогуць увасобіцца ў жыцці.

А для гэтага трэба развіваць грамадзянскую супольнасць самастойна, па ўласнай ініцыятыве, сваймі сіламі, якія паляпшаюць сваё жыццё і ўсю нашу краіну. Гэта цяпер самая важная і самая актуальная нацыянальная ідэя.

Памятаючы аб гэтых двух рэчах – незалежнасці краіны і грамадзянскае супольнасці – мы заўсёды будзем мець надзейны арыенцір у палітыцы, ідэалогіі, культуры, медыях, эканоміцы, бізнесе, усіх сферах жыцця.
Мы самі адказныя за нашу будучыню – і мы яе пабудуем.

Няхай жыве незалежная Беларусь! Ура!

Стужка навінаў