Ярмошына распавяла, колькі людзей прагаласуе датэрмінова


У аўторак распачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання.

Кіраўнічка Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына прагназуе высокую яўку выбарцаў падчас датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.

«Звычайна ў нас каля 30% выбарцаў прыходзяць галасаваць датэрмінова. Думаю, што цяпер нічога не зменіцца. Мы дзесьці на такую ​​лічбу і выйдзем. Можа, гэта будзе 25 %, можа, 32 %. Цяжка сказаць», – цытуе Лідзію Ярмошыну «БелТА».

Ярмошына заяўляе, што многія выбарцы ўжо прызвычаіліся галасаваць датэрмінова, і прызнаецца, што галасаваць датэрмінова будзе яна сама.

Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання пачалося сёння на 5 620 участках. У нядзелю, асноўны дзень выбараў, будзе адкрыта 5 870 участкаў.

Паводле апошніх звестак, ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў дэпутаты больш за 22 тысячы чалавек. Колькасць мандатаў, за якія пазмагаюцца кандыдаты, – каля 18 тысячаў.

ДД

Стужка навінаў