Якія расейскія войскі прыедуць у Беларусь? Што вядома пра «Захад-2017»


У вучэннях «Захад-2017» возьмуць удзел каля 10.200 жаўнераў і афіцэраў беларускай і расейскай армій, з іх каля 3.000 – ад узброеных сіл Расеі. Уласна вучэнні адбудуцца з 14 па 20 верасня.

Сумесныя беларуска-расейскія вучэнні выклікалі вялікі розгалас у нашым рэгіёне і ў сродках масавай інфармацыі – былі агучаныя падазрэнні адносна магчымай расейскай агрэсіі супраць Украіны праз украінска-беларускую мяжу, «крымскага сцэнару» супраць самой Беларусі, зʼяўлення расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі нашай краіны.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Масквы абвяргаюць магчымасць падобнага развіцця падзеяў.

Усе патроху

Беларуска-расейскія вучэнні «Славянскае братэрства-2017», фота з архіву mil.ru

Пра тое, якім можа быць расейскі кантынгент у Беларусі ў верасні мы паразмаўлялі з ваенным аналітыкам Аляксандрам Алесіным. Асноўную частку расейскіх вайскоўцаў могуць скласці механізаваныя і танкавыя часткі расейскай 1-й гвардзейскай танкавай арміі, лічыць спецыяліст.

«З расейскага боку з вялікай верагоднасцю будуць перакінутыя часткі 1 танкавай арміі з пад Масквы і Ельні», – сказаў Алесін.

У склад 1-й танкавай арміі, якая была адроджаная ў лістападзе 2014 году, уваходзяць 4-я танкавая Кантэміраўская дывізія і 2-я мотастралковая Таманская дывізія, 27-я асобная мотастралковая брыгада, 6-я асобная танкавая брыгада, 96-я асобная разведвальная брыгада, артылерыйскія брыгады і часткі забеспячэння.

Расейскія дэсантнікі на вучэннях, фота з архіву mil.ru

Таксама будуць удзельнічаць расейскія часткі паветрана-дэсантных войск. Усё гэта – частка шматгадовага адпрацоўвання сцэнару перакідвання расейскіх войск у Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы.

«Гэта адпавядае дакументам пра сумесную абарону РБ і РФ. Адпаведна з імі ў пачатку пагражальнага перыяду беларускія войскі будуць стрымліваць патэнцыйнага агрэсара, чакаючы дапамогу расейскіх войскаў», – кажа эксперт.

Шляхам дэсантавання з паветра ці пасадачным спосабам на аэрадромах будуць прыбываць найбольш мабільныя – паветрана-дэсантныя часткі, а потым па чыгунцы ці па шасэйных дарогах будуць ісці «цяжкія» механізаваныя і танкавыя дывізіі і брыгады з Заходняй вайсковай акругі Расеі.

Беларускія і расейскія вайскоўцы будуць пераправу на Дняпры падчас вучэнняў у чэрвені 2017 году. Фота – Мінабароны РФ.

З беларускага боку ўдзельнічае ў два разы больш войскаў. Па меркаванні эксперта, гэта будуць у сукупнасці 1-2 механізаваныя брыгады асобнымі найбольш баяздольнымі падраздзяленнямі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі проціпаветранай абароны, Сілы спецыяльных аперацый.

Агулам у вучэннях будзе задзейнічана да 680 адзінак баявой тэхнікі, распавёў раней міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

З расейскага боку будуць прысутнічаць каля 280 адзінак тэхнікі, у тым ліку да 25 самалётаў і верталётаў.

Сцэнар вайны

Расейскія дэсантнікі на вучэннях, фота з архіву mil.ru

У выніку гэтыя войскі створаць агульную групоўку, якая павінна весці бой на тэрыторыі Беларусі.

«Канкрэтныя дакументы сакрэтныя, але элементы адпрацоўваюцца кожны год не толькі на вучэннях «Захад». Гэта адпрацоўваецца на сумесных вучэннях дробнага маштабу, у тым ліку пантонныя, авіяцыйныя, СПА. Не толькі на тэрыторыі Беларусі – напрыклад, на палігоне Ашулук, дзе сцэнар вучэнняў на самой справе пра тэрыторыю Беларусі», – распавёў Алесін

Беларуска-расейскія вучэнні «Славянскае братэрства-2017», фота з архіву mil.ru

Раней на вучэннях беларуска-расейская групоўка звычайна «змагалася з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі».

«Легенда была пра пранікненне груп баевікоў, тэрарыстаў і таму падобнае, думаю, зараз яна можа змяніцца на больш «рэгулярнага» праціўніка. Краіны НАТА са свайго боку ўжо празрыста намякаюць на тое, каго бачаць супернікам», – сказаў Алесін.

Падчас вучэнняў агульнай групоўкай будзе камандаваць начальнік Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў, які перад гэтым амаль тры з паловай гады кіраваў беларускімі камандас – Сіламі спецаперацый.

Гульня мускуламі

Пры ўсёй напружанасці, якая ўзнікла паміж Расеяй і НАТА пасля расейскай анексіі Крыму і агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе, вучэнні «Захад-2017» хутчэй за ўсё пройдуць спакойна – Масква няздольная на сапраўдны ваенны канфлікт з Захадам.

«Нягледзячы на ваяўнічы тон Расеі, вайскоўцы разумеюць суадносіны сіл – НАТА мае вялікую перавагу», – лічыць Аляксандр Алесін.

У гэтым кантэксце вучэнні «Захад-2017», як і стварэнне восенню 2014 году 1-й танкавай арміі на заходняй мяжы Расеі, як і перакідванне расейскіх войск у Калінінград – шахматная гульня ў пагрозы і іхнае парыраванне, падобная той, што адбывалася ў Халодную вайну.

Беларускія гранатамётчыкі

Аднак цяпер гэтая гульня ідзе ў меншым маштабе, а расейская эліта і эканоміка нават тэарэтычна няздольныя на аўтаркію – а значыць і поўны разрыў сувязяў з краінамі Захаду.

Для грамадзянаў Беларусі ў гэтым кантэксце ключавым зʼяўляецца пытанне – ці могуць яны сваёй высокай баявой гатовасцю і прагаю да абароны нацыянальнай незалежнасці паказаць любому агрэсару, што ягоная авантура скончыцца для яго максімальнымі стратамі і мінімальным выйгрышам.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў