Як Зміцер Дашкевіч дапамог гамельчукам падпісацца за родны сцяг

video

Гомель і бел-чырвона-белы сцяг у самым цэнтры. Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч збіраў подпісы за наданне нацыянальнаму сімвалу статусу гістарычна-культурнае каштоўнасці. Ахвочых паставіць аўтограф гонару – не бракавала. А напярэдадні актывіст распавёў усю праўду пра турму. Прэзентацыя кнігі «Чарвяк» таксама прайшла ў абласным цэнтры.

Звыклая гомельская штодзённасць змянілася за адну хвіліну. Спачатку на Цэнтральным гомельскім універмагу, а пасля і побач з ім Зміцер Дашкевіч развесіў нацыянальныя беларускія сцягі. Бел-чырвона-белы сімвал прыцягвае ўвагу ў тым ліку і людзей з непазітыўнымі намерамі.

Ахоўнік: «Не вешайце тут нічога!»

Дашкевіч: «Так, не дурыце мне галаву!»

Міліцыянт: «Я зараз складу пратакол!»

Дашкевіч: «Я не чытаю на рускай мове, не разумею, што тут напісана, вы не можаце мне забяспечыць канстытуцыйныя правы»

Адказу на абгрунтаваныя аргументы актывіста «Маладога фронту» падпалкоўнік Вячаслаў Шукель не знайшоў і пратаколу… не склаў.

«Хочацца, каб быў гістарычны сцяг»

Што ж да шараговых грамадзянаў, то іхная рэакцыя на збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці была зусім іншая. Паасобку і групамі, школьнікі і пенсіянеры, жанчыны і мужчыны аддавалі свае подпісы за наш сцяг. Больш за 30 подпісаў за гадзіну, а гэта значыць, што кожныя 2 хвіліны хтосьці пакідаў подпіс пад зваротам.

«У мяне таксама ўнукі такія ж і я хачу, каб у вас усё было добра»,

«Хочацца, каб быў гістарычны сцяг»

«Гісторыя як ні як»,

– выказваюцца жыхары Гомля.

Менавіта гэтак – выключна як гісторыю ўспрымаюць беларускі сцяг шмат якія маладзёны.

«Маладое пакаленне – маё вырасла пад іншым сцягам, пад іншым гербам, пад іншым гімнам. І для мяне гэты сцяг, я нарадзіўся ў 1999 годзе, як гісторыя – так, як сучаснасць – не», – дзеліцца мінак.

Усё яшчэ наперадзе

Але і ў сучаснасці, у сучасных умовах можна шмат зрабіць для нашых сапраўдных сімвалаў, Зміцер Дашкевіч.

«Мы стаім, мы ўздымаем сцяг, збіраем подпісы, камунікуем з грамадствам. І было б добра, каб гэта рабілі не толькі мы ў Менску, а ў кожным горадзе. Магчыма, мы гэтым сённяшнім сваім удзелам у гэтым пікеце, у гэтай акцыі таксама даводзім: гэта можна рабіць!», – тлумачыць Зміцер Дашкевіч.

Як і паказалі гэта дзясяткі іншых актывістаў у цэнтры беларускай сталіцы на Дзень незалежнасці і на 25-ыя ўгодкі абвяшчэння бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» дзяржаўнымі сімваламі. І апошнія два тыдні пры зборы подпісаў за наш, бел-чырвона-белы сцяг.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары