Як вярнуць веру ў сябе: асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў праводзіць злёт актыўнай рэабілітацыі


Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў праводзіць злёт актыўнай рэабілітацыі. Сустрэча праходзіць на базе Пінскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Фінансуе своеасаблівы «летнік» Міністэрства спорту і турызму Беларусі з мэтаю пошуку будучых паралімпійцаў.

ЯЎГЕН ШЫЎКО, СТАРШЫНЯ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ІНВАЛІДАЎ-ВАЗОЧНІКАЎ:

«На самой справе гэта даволі складана – знайсці сярод вазочнікаў тых, хто хоча займацца спортам. Іх шмат, але наша інфраструктура не прыстасаваная, і яны не ведаюць як даехаць да патэнцыйнай трэніроўкі».

Адметна, што ўсе паралімпійскія спартоўцы – былыя ўдзельнікі злётаў актыўнай рэабілітацыі. І не дзіва, бо, апроч спартовых мэтаў, арганізатары ставяць перад сабою яшчэ адну – вярнуць інвалідам-вазочнікам жаданне і магчымасці жыць паўнавартасным жыццём.

АЛЕНА, УДЗЕЛЬНІЦА ЗЛЁТУ З ГОМЛЯ:

«Асабліва маладым, якія паламаліся, трэба абавязкова сюды трапіць».

Усе заняткі праходзяць на высокім эмацыйным узроўні, і застацца абыякавым немагчыма. На злёце дасведчаныя інструктары дзеляцца сваймі ведамі і досведам з інвалідамі з розных гарадоў Беларусі. Чалавечы фактар тут найважнейшы. Бо ключавы момант у рэабілітацыі – зматываваць і даць штуршок чалавеку ў бядзе знайсці сілы для пераменаў.

АННА, ІНСТРУКТАР ПА АГУЛЬНАФІЗІЧНЫМ РЫХТАВАННІ:

«Больш дасведчаныя паказваюць тым, хто толькі што зламаўся і трапіў у цяжкую жыццёвую сытуацыя як быць…»

Пасля такіх вось нефармальных цёплых сустрэчаў нават самыя зацятыя скептыкі разумеюць, што жыццё ў вазку існуе. Лепшым доказам таму сталася прыемная падзея на злёце. Пасля лекцыі адзін з удзельнікаў зрабіў прапанову рукі ды сэрца. Прапанову прынялі.

Стужка навінаў