Ларыса Геніюш са сваім сынам Юрам.
У Горадні сёлета з нагоды дня нараджэння Ларысы Антонаўны праходзіць першая навуковая канферэнцыя, прысвечаная літаратарцы. Праводзяць яе ў бібліятэцы імя Ларысы Геніюш, адкрытай пры Каложскай царкве. Арганізатар, айцец Аляксандр Балонікаў – вялікі шанавальнік творчасці паэткі.
Для чытачоў «Белсату» спадар Скобла падзяліўся некаторымі цікавымі момантамі з жыцця паэткі.
Геніюш была грамадзянкай Польшчы, пасля выехала ў Чэхаславакію да мужа. Там, дарэчы, яна не мела грамадзянства доўгі час, ажно да 1947 году. Калі на загад Масквы яе выдалі ў СССР, чэхаславацкае грамадзянства было ануляванае. Гэта і было яе «апошняе грамадзянства».
І ў савецкім лагеры, і пасля яго, ажно да смерці, яна не мела савецкага грамадзянства: у пашпарце стаяў адпаведны штамп. У сувязі з гэтым яна ніколі не галасавала ў СССР на выбарах. Але сам пашпарт, што цікава, Ларыса Антонаўна мела і нават двойчы выязджала па ім за мяжу!
Тое, што яна была грамадзянкай БНР – хутчэй з’ява сімвалічная. Падчас вайны Геніюш стала генеральным сакратаром БНР, таму для яе гэта было важна. Ці мела яна пашпарт БНР? Не ведаю, прынамсі, ніколі не бачыў.
Усе лагерныя падзеі ад 1949 да 1956 добра апісаныя ў «Споведзі» Ларысы Геніюш. Там яна кіркавала траншэі ў вечнай мерзлаце, чысціла прыбіральні… Што такое савецкі ЗК – гэта ж паднявольны. Нядоўгі час яна працавала ў лагерным шпіталі. Яна апісвае таксама як аднойчы ўначы брыгада зэкаў была пасланая выцягваць бярвенні з ледзяной рэчкі. Сярод іх была і Ларыса Антонаўна.
Некалькі сваіх вершаў яна надрукавала нават у лагернай газеце. Гэта расейскамоўныя вершы, але пра Беларусь, пра Нёман. Зрэшты, за гэта Геніюш ніякіх прывілеяў не мела – несла «лагерны крыж» разам з усімі.
Муж Ларысы – Іван Пятровіч Геніюш быў выдатным лекарам. Пасля вызвалення ён працаваў у зэльвенскай паліклініцы. Быў там, мабыць, адзіным лекарам, які выпісваў бланкі па-беларуску. Для яго адмыслова іх друкавалі ў Слонімскай друкарні – ён дамогся гэтага. Дарэчы, на сцяне ў ягоным кабінеце вісеў партрэт Францішка Скарыны.
Ён быў сапраўды выдатным лекарам: скончыў медычны факультэт Карлавага ўніверсітэту. Яго старанні і веды ў плане медыцыны, магчыма, і падоўжылі век Ларысе Антонаўне, хоць ён сам і сышоў з жыцця першым.
Янка Генюш наагул адыграў вызначальную ролю ў жыцці сваёй жонкі. Так, адразу пасля вяселля яшчэ да вайны ён падарыў ёй кніжку Купалы «Шляхам жыцця». Гэта моцна паўплывала на яе ў плане беларускай свядомасці.
Ларыса Геніюш часам згадвала, якія «панскія замашкі» яе муж меў за сталом: то каўбаса яму ў зубах захрасла, то калдуны надакучылі. То яна ўжо старалася гатаваць як смачней.
Гэта было вялікае каханне. Варта пачытаць лісты, якія яна пісала яму, калі ён ужо ў СССР выязджаў у санаторыі. Ларыса Антонаўна пісала: «Старулька мілая, як табе там жывецца?.». Ён не дабываў канца тэрміну нават і збягаў дахаты, бо сумаваў па жонцы.
Цікава, што Геніюш не жыла толькі ўспамінамі, але цікавілася тагачасным беларускім жыццём. Напрыклад, была на канцэрце «Песняроў» у Горадні, дзе пазнаёмілася з Мулявіным. У яе архіве зберагаецца фота ўсіх чальцоў гурта, якое ёй падпісаў Мулявін: па-беларуску ды з пацешнымі памылкамі. Але бачна, што гэта не дзяжурны аўтограф, а рэч асабістая.
Кружэлку «Песняроў» яна тады прывезла ў Зэльву і напісала мужу ў санаторый пра свой культурны шок. Маўляў, як добра яны спяваюць, якія яны сапраўдныя беларускія мужчыны!
Яе ўлюбёная мулявінская песня была «А ў полі вярба». Муж, дарэчы, тады ў чарговы раз збег з санаторыю, каб слухаць разам «Песняроў».
Ларыса і Янка Геніюшы, дарэчы, не зусім сыходзіліся па палітычных поглядах. Муж меў сацыялістычную жылку… Нават тое, што яны трапілі ў ГУЛАГ, часткова сталася праз гэта. Справа ў тым, што калі скончылася вайна Ларыса Антонаўна хацела ехаць з Чэхіі далей, на захад, бо прадчувала нядобрае.
Янка ж супакойваў, маўляў, Чэхаславаччына – дэмакратычная краіна, ніхто нас у СССР не выдасць. Як мы ведаем, сталася па-іншаму… Яна наагул была больш радыкальных поглядаў, чым муж.
Быў такі палкоўнік КДБ Аляксей Данілік, ён перажыў Геніюш, доўга жыў у Менску, але ўжо памёр. Ён пэўны час узначальваў ваўкавыскі КДБ, адкуль прыязджалі хлопцы ў Зэльву, каб праглядаць карэспандэнцыю Геніюш. Часам яна атрымлівала па 5-6 лістоў на дзень з усяго свету, таму працы ў іх было багата!
Пасля смерці Даніліка, ягоны ўнук распрадаваў бібліятэку і я туды трапіў. Першае, што я там пабачыў, гэта ўсе кнігі Ларысы Геніюш! Усе кніжкі з пазнакамі, крыжыкамі, плюсікамі… На той час, мабыць, ён быў ці не найбольшым знаўцам творчасці Ларысы Геніюш.
Ён спрабаваў вербаваць людзей з атачэння паэткі, у тым ліку майго колішняга школьнага настаўніка Пятра Марціноўскага. Той распавядаў, маўляў, прыязджае Данілік, вязе ў лес, нейкае месца маляўнічае, размаўляе па душах, частуе, а ў канцы прапаноўваў распавядаць пра ўсё, што той чуе ў хаце Ларысы Антонаўны. Настаўнік паслаў яго тады падалей.
У хаце ў Геніюшаў у Зэльве стаялі «жучкі». Іх ставіў чалавек, які туды трапіў пад выглядам… пажарнага. Цікава, што пасля ён раскайваўся, хадзіў у зэльвенскую царкву, замольваў грахі. Дарэчы, «жучкі» гэтыя можа і па сённяшні дзень там стаяць.
Пасля смерці паэткі на ўсё майно хацелі «накласці лапу» мясцовыя ўлады з падачы палкоўніка Даніліка, але ў той час у Зэльве знаходзіўся сын – Юрка Геніюш. Ён патэлефанаваў Адаму Мальдзісу, той – Алесю Адамовічу, той – другому сакратару КПБ Кузьміну, які і даў аўтобус, людзей і паўнамоцтвы на вываз архіва. Калі яны прыехалі, уся падлога была засыпаная дакументамі ды старымі фота: «геніюшазнаўцы ў цывільным» ужо тут працавалі.
Усё было спакавана ў восем мяхоў, апячатана і загружана ў «рафік». Цікава, што ў лесе на выездзе іх спынілі міліцыянты, адбыўся канфлікт. Але Мальдзіс пачаў паказваць дакументы, у тым ліку паперу ад Кузьміна, а гэта была сур’ёзная вага. У выніку іх адпусцілі.
Архіў Ларысы Геніюш, на шчасце, захаваўся і зараз ён самы багаты з пісьменніцкіх архіваў, якія мне давялося бачыць. Ён зберагаецца ў бібліятэцы Акадэміі навук. Там паўтары тысячы адзінак: адна адзінка – гэта можа быць і тэчка, шчыльна закладзеная дакументамі, уяўляеце?..
Я працую з яе архівамі ўжо 12 год і даследаваў адсоткаў дзесяць. Там незлічоная колькасць тэкстаў, лістоў, вершаў… То бок працы на дзесяцігоддзі наперад, не для аднаго пакалення.
АК, belsat.eu