Як ФСБ і КДБ сочаць за мяжою. Памятка для тых, хто не хоча на кручок


Літоўскія службы бяспекі засцерагаюць: апошнім часам сваю дзейнасць у краіне актывавалі расейскія ды беларускія спецслужбы. Каб папярэдзіць сваіх грамадзянаў, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі падрыхтаваў адмысловую памятку. Некаторыя дэталі карысна ведаць і беларусам.

Шпіёнаў могуць цікавіць грамадзяне, якія працуюць у важных для выведкі ўстановах ці арганізацыях. Аднак датычыць гэта не толькі палітыкаў ці ўплывовых актывістаў. Калі вы набліжаныя да важных людзей або інфармацыі, вас паспрабуюць узяць «на кручок».

Хто шпіёніць?

[vc_single_image image=”346832″ img_size=”large”]

Найбольш актыўна ў Літве дзейнічаюць расейскія спецслужбы. Яны збіраюць інфармацыю адносна эканамічнай ды палітычнай сітуацыі. На другім месцы апынулася выведка КДБ Беларусі: яе цікавіць у асноўным дзейнасць беларускіх апазіцыйных арганізацыяў, іх сувязі ў Літве.

Як прадставяцца?

Найлепшы спосаб наблізіцца да асобы – стаць ягоным прыяцелем. Супрацоўнікі спецслужбаў прадставяцца дыпламатам, бізнесоўцам, журналістам ці грамадскім актывістам. Шмат хто з іх не зманяць наконт прафесіі. Затым агент пад прыкрыццём пастараецца завязаць сяброўскі кантакт – запросіць выпіць, штосьці падорыць або паабяцае дапамагчы ў сферы, у якой працуе.

Вас мусяць насцярожыць частыя запрашэнні сустрэцца ў нефармальнай абстаноўцы. Гэтыя паслугі прымусяць вас пачувацца вінным, і рана ці позна паслугаў запатрабуюць ад вас. Спачатку спытаюць пра інфармацыю і так вядомую, а наступнае пытанне сягне за парог канфідэнцыйнасці.

Як апрацоўваюць?

[vc_single_image image=”346822″ img_size=”large”]

Спецслужбовец ці агент апране добразычлівую маску і пачне дзяліцца з вамі нечакана асабістымі дэталямі: колькі ён зарабляе, якія ёсць праблемы са здароўем, як «пілуе» жонка і г.д. Споведзь, якая будзе выдуманаю ад «а» да «я» мае на мэце выклікаць вас на ўзаемную шчырасць. Адчуваеце, што вас недаацэньваюць? Баіцеся, што выкрыюцца праблемы ў сям’і ці даведаюцца пра пэўную залежнасць? Ваша слабое месца можа быць выкарыстанае ў якасці кампрамату.

Працэс можа займаць і некалькі гадоў. Такім чынам асоба не адчувае ціску і можа апрытомнець, калі ўжо будзе ўцягнутая ў перадачу інфармацыі. Прыкметы шпіёна – раптоўныя змены месцаў сустрэчы, нясхільнасць балакаць з вамі па тэлефоне.

Яшчэ раз пра кібернетычнае сачэнне

Дапусцім, вы – моцны арэшак і да шчырасцяў не схільныя. Тады па падрабязнасці аб вас звернуцца да больш адкрытых знаёмых. Таксама шпіёны скарыстаюцца несумленнымі спосабамі ды пачнуць праслухоўваць ваш тэлефон. Памятайце, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць спецслужбам слухаць вашыя размовы нават за мяжою, па тамтэйшых сім-картках.

Ніхто не скасоўваў і найноўшыя спосабы кібер-сачэння. Адмыслоўцы раяць быць пільнымі і не выдаваць карысную інфармацыю праз профілі ў сацыяльных сетках, на сайтах і г.д.

Сачэнне можа запусціць і шпіёнская праграма. Яна здольная патрапіць у ваш камп’ютар праз кампакт-дыск ці флэшку. На вашую электронную пошту могуць даслаць «патрэбны» файл тыпу pdf, doc ці іншы, які будзе змяшчаць вірус.

[vc_single_image image=”346833″ img_size=”large”]

Рэальны выпадак

На сустрэчы «вялікай дваццаткі», якая адбывалася год таму ў Санкт-Пецярбургу, гаспадары мерапрыемства падарылі гасцям фірмовыя USB-носьбіты ды падзарадную прыладу для мабільных тэлефонаў. Тэхнічная экспертыза «падаруначкаў» выявіла, што флэшкі змяшчалі шпіёнскую праграму, а падзарадка дазваляла перахопліваць інфармацыю з тэлефонаў.

Адкрытыя метады

[vc_single_image image=”346834″ img_size=”large”]

Расейскія і беларускія спецслужбы не грэбуюць і агрэсіўнымі шляхамі вербавання. На сваіх тэрыторыях яны ўжываюць псіхалагічны ўціск ды шантаж. Напрыклад, у прадпрыемства з’яўляюцца праблемы пры спробе адкрыць бізнес у Расеі і Беларусі. Каб пераадолець адміністратыўныя і тэхнічныя перашкоды, замежнаму бізнесоўцу прапануюць за пэўныя паслугі ці інфармацыю нейтралізаваць усе праблемы. Знаходзячыся ў недэмакратычных краінах, любы «непаслухмяны» бізнесовец, актывіст, палітык можа стаць ахвяраю інсцэніроўкі злачынства. Таму грамадзянам Літвы раяць быць асабліва ўважлівымі за мяжою і самім не дапускаць нават дробнага правапарушэння.

Рэальны выпадак

Грамадзянін Літвы, які меў доступ да дзяржаўных таямніц, вяртаўся з Беларусі ў Літву. Ён вёз з сабою больш цыгарэтаў, чым дазволена. Беларускія памежнікі затрымалі правапарушальніка ды перадалі яго супрацоўніку КДБ. Спецслужбоўца прапанаваў «выйсце»: у абмен на супрацу яго адпускаюць без аніякіх праблемаў. У выпадку адмовы літоўцу пагражалі забаронаю ўезду ў Беларусь, а таксама інфармаваннем ягонага кіраўніцтва. Аднак літовец звязаўся з дэпартаментам бяспекі Літвы, і спроба шантажу правалілася.

Матэрыял падрыхтаваны на падставе паведамлення Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў