Як абараніць свой ровар ад крадзяжу


З пачатку сезону толькі ў Менску каля 50 чалавек не знайшлі сваіх ровараў. Як сцерагчыся ад злодзеяў?

Цягам апошніх месяцаў толькі ў беларускай сталіцы адбылося каля паўсотні крадзяжоў ровараў. Менавіта за падобныя крадзяжы затрымалі двух жыхароў Смалявічаў, падае tvr.by. Маладзёны прыязджалі ў Менск, як на заробкі, па ровары. Праходзілі па дамах і выносілі двухколавыя сродкі руху.

Зламыснікі абцугамі перакусвалі замкі і на выкрадзеных роварах прыязджалі на чыгуначную станцыю, а далей грузілі здабычу ў электрычку. Колькі такіх крадзяжоў здзейснілі гэтыя падазраваныя, пакуль дакладна невядома. Міліцыянты маюць інфармацыю пра тры такія крадзяжы.

Вядома, што ўжо на наступны дзень злодзеі прадалі тры ровары ў родным горадзе, зарабіўшы пры гэтым каля $ 250.

Як абараніць свой ровар ад злодзеяў, Belsat.eu падрыхтаваў адмысловую інфаграфіку:

– карыстайцеся толькі U-падобным замком, распілаваць які вельмі няпроста;

– ровар няварта пакідаць у падʼездах ці ў агульным тамбуры;

– ровар найлепш пакідаць на велапаркоўках гэтак, каб яны траплялі ў камеры відэаназірання;

– можна прыхапіць з сабою якую-небудзь дэталь ад ровара – на ім нельга будзе зʼехаць, а валачы на сабе блізу 20 кг – знойдзецца няшмат ахвотных;

– неахайная рэч менш прыцягвае ўвагу злачынцаў, таму найлепш не мыць ровара.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары