«Выйсці на плошчу, хай саджаюць, хай да канца дабіваюць» – роспач прыёмнай маці

video

Пайшлі ў школу і не вярнуліся. Двух хлопчыкаў з прыёмнай сям’і забралі ў дзіцячы дом проста са школы.

Дзеці пайшлі ў школу і не вярнуліся. У жыхаркі гарадскога пасёлку Парычы Светлагорскага раёну Надзеі Дударэнкі органы апекі забралі дваіх усыноўленых хлопчыкаў.

«Калі забралі – мне сказалі ў школе. Я спрабавала запытацца – хто і куды. Яны мне: не прыкідвайцеся, вы ўсё ведаеце. Адкуль я ведаю – я вам даверыла дзяцей. Дзеці пайшлі ў школу. Калі раптам прыехала нейкая камісія – чаму вы не пазванілі. Вам паказалі дакументы. Не. Дык як вы маглі аддаць дзяцей?» – пытаецца ў роспачы жанчына.

Надзея Дударэнка выхавала чатырох уласных дзяцей і ад 2005 года займалася выхаваннем семярых прыёмных дзяцей, дваіх з іх яна ўсынавіла. Два гады таму пяцярых прыёмных дзяцей забралі. Цяперашнюю адмену ўсынаўлення Надзея лічыць помстаю чыноўнікаў за яе актыўную пазіцыю ў абароне дзяцей.

Дзяцей у прыёмнай маці забралі нягледзячы на тое, што яна яшчэ не атрымала адказу з Вярхоўнага суда, куды накіравала наглядную скаргу пасля таго, як суд Светлагорскага раёну адмяніў усынаўленне 10-гадовых Альберта і Андрэя, якія ўжо восем гадоў выхоўваліся ў сям’і Надзеі Дударэнка.

«Ніхто не скажа, што дзеці галодныя былі ці абарваныя, яны чыста хадзілі, акуратна. Гэта глупства ўсе, у другіх дзяцей горш. А гэта дзеці як дзеці», – гаворыць Віктар, які жыве па суседству.

З пункту гледжання праваабаронцы Алеся Яўсеенкі, тое што сацыяльныя службы забралі дзяцей са школы без ведама маці, можна лічыць выкраданнем, бо любыя дзеянні ў дачыненні да няпоўнагадовых павінны адбывацца ў прысутнасці бацькоў.

Надзея Дударэнка падала заяву ў міліцыю пра выкраданне дзяцей і ўсё яшчэ разлічвае, што ўлады звернуць увагу на разбурэнне сям’і. Але гатовая яна ўжо і на скрайнія захады:

«Узяць плакат са здымкамі дзяцей і зваротам да прэзідэнта, выйсці на плошчу. Хай саджаюць, хай да канца дабіваюць, паказваюць, як у нас у краіне абараняюць інтарэсы дзяцей, як ставяцца да шматдзетных маці».

Умяшанне чыноўнікаў у справы сям’і, і асабліва сям’і з прыёмнымі дзецьмі, апошнім часам стала здарацца часцей. І не заўсёды гэта прыводзіць да паляпшэння сітуацыі. Ірына Моцная з Клімавічаў, што выхоўвала шасцёра прыёмных дзяцей, у выніку такога ўмяшальніцтва апынулася ў турме, а адзін з яе прыёмных сыноў, не здолеўшы яе абараніць, скончыў жыццё самагубствам.

ІД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары