«Усе паміраюць, і я паціху паміраю. Але пакуль ёсць такія, як вы, Беларусь не памерла», – сказаў у тэлефоннай размове з «Белсатам» Барыс Уладзіміравіч.
Славуты даследнік вадкага вадароду і распрацоўшчык формулы паліва з’яўляецца адным з найбольш вядомых беларусаў у свеце. Навукоўца, які з 1944 года жыве ў эміграцыі і мае грамадзянства ЗША, ніколі не забываў пра сваё паходжанне. Ён заўсёды марыў, што вернецца жыць і працаваць на радзіму.
На працягу доўгіх гадоў Барыс Кіт, патрыёт адданы сваёй Бацькаўшчыне, змагаўся за незалежнасць Беларусі, быў актыўным дзеячам беларускай дыяспары ў ЗША і вядомым мецэнатам. Займаўся выкладчыцкай, педагагічнай дзейнасцю, працаваў у віленскай гімназіі, адрадзіў гімназію ў Навагрудку.
Сам навукоўца ў сваіх інтэрв’ю неаднаразова падкрэсліваў, што ўсё жыццё працаваў для людзей і ратаваў жыццё ў гады акупацыі.
«З усіх моваў аддае перавагу беларускай» – так піша пра ўнікальнага беларускага даследчыка нямецкае выданне «Frankfurter Allgemeine».
Славуты даследнік, чые распрацоўкі дазволілі адправіць чалавека на Месяц, некалькі апошніх гадоў жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Ягонае імя закладзена ў «капсулу часу» лепшых навукоўцаў сусветнай касманаўтыкі.
ДР, belsat.eu