Вялікі князь павіншаваў княства з Аршанскаю перамогай


На ўрачыстасцях, прымеркаваных да 500-годдзя перамогі ў бітве пад Воршаю, прысутнічаў сам «уладар ВКЛ Жыгімонт І Стары». Гэтак Вільня завяршае імпрэзы ў межах года, абвешчанага ў Літве годам Аршанскай бітвы.

Пасля трыумфальнага шэсця па Старым горадзе калона з роты ганаровай варты, вайсковага аркестру, рыцараў і жаўнераў затрымалася на Кафедральнай плошчы Вільні. Прывітала пераможцаў сімвалічная постаць вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога, які валадарыў нашымі землямі ў часы бітвы пад Воршай.

Манарх сімвалічна прыняў палотнішча з «Пагоняю» ад рыцара і перадаў яго прадстаўнікам сучаснага войска Літоўскай Рэспублікі.

Моманты цырымоніі – у нашым відэа без каментара.

Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел рыцарская світа, калона бубначоў, музычны хор ды група сцяганосцаў «Gruppo Storico e Sbandieratori Tuscany» з Італіі.

У межах года Аршанскай бітвы ў Літве ладзіліся канферэнцыі, выставы, святкаванні, была выпушчаная адпаведная паштовая марка ды выбітая юбілейная манета.

Хоць месца бітвы знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, улады нашай краіны ніяк не адзначылі 500-ыя ўгодкі вялікай бітвы між сіламі ВКЛ ды маскоўскім войскам. Спробы ж адсвяткаваць значную гістарычную дату высілкамі грамадзянскай супольнасці блакаваліся ўладамі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары