«Вялікі грэх узяў на душу Уладзімір Пуцін»: Вахтанг Кікабідзэ пра вайну Крамля з Украінай


Яго культавую фразу «Ларысу Іванаўну хачу» з кінастужкі «Міміно» ведаюць мільёны. Яго ўсмешка і голас распазнавальныя і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расеі, але акурат у апошнюю краіну актор не ездзіць з 2008 г.

«Вельмі дрэнны сцэнар напісаў Пуцін, калі прыйшоў у Грузію. …Калі я ўбачыў тут першы расейскі танк… Мы ўсе былі ў шоку. У самым страшным сне мы не маглі сабе такое ўявіць», – узгадвае Кікабідзэ падзеі шасцігадовай даўніны, калі расейскія войскі захапілі тэрыторыю Паўднёвай Асеціі.

«Але яшчэ больш мяне ўразіла акупацыя Украіны – яны ж славяне. Больш таго і Украіна і Грузія і Расея – праваслаўныя краіны. Вялікі грэх на сябе ўзяў Уладзімір Пуцін», – кажа актор, які падчас расейска-грузінскай вайны адмовіўся ад расейскай урадавай узнагароды «Ордэн Сяброўства народаў».

«Як бы я мог сваім унукам у вочы глядзець, калі яны ўручаюць ордэн і адначасова прыходзяць у Грузію са зброяй».

У той вайне, як і ў вайне на Данбасе сваю д’ябальскую ролю адыграла расейская прапагандысцкая машына, што абяляла дзеянні Крамля. «Калі б я жыў у Расеі, то можа і паверыў бы прапагандзе. А так, часамі гэта хлусня выглядае нават смешна, калі б не было так сумна», – кажа легенда савецкага кінематографа Вахтанг Кікабідзэ.

Працяг інтэрв’ю ў далучаным відэаматэрыяле.

ЮВ, НЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары