Вядоўца «Белсату» перамагла ў літаратурным конкурсе


17 верасня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбылося ўганараванне фіналістаў літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» імя Рыгора Барадуліна. Конкурс арганізаваны ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і праходзіць кожны год. Цягам паўгода, з 24 лютага, на пошту ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» аўтары дасылалі свае паэтычныя творы.

Тэксты на ўмовах ананімнасці разглядала кампетэнтнае журы ў складзе Раісы Баравіковай, Леаніда Дранько-Майсюка, Вольгі Іпатавай, Наталкі Кучмель і Уладзіміра Някляева. 31 жніўня журы падвяло вынікі і абвясціла фіналістаў і пераможцаў сярод 50 літаратараў, што ўзялі ўдзел у конкурсе. Сёлета штогадовы конкурс, які арганізуе ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», быў прысвечаны паэзіі і паэтычнаму перакладу. Фіналістамі сталі 10 творцаў – 2 лаўрэаты і 8 дыпламантаў.

У намінацыі «Паэзія» пераможцам стала літаратарка, вядоўца праграм «Чорным па белым» і «Фітнес-Шмітнес» Валярына Кустава. У намінацыі «Паэтычны пераклад на беларускую мову» – Алесь Емяльянаў-Шыловіч.

Стужка навінаў