Музыка з «KRYWI» забітбоксіў беларускія народныя песні

photo

Belsat.eu пазнаёміўся з музыкантам, які ў лічаныя хвіліны пераўтварыў пляцоўку каля «Бургер Кінг» на «Нямізе» ў сапраўдную танцпляцоўку.

Дзяніс спазніўся. Па-хуткаму расклаў апаратуру, наладзіў калонку, павесіў навушнікі на стойку мікрафона, стрэльнуў цыгарэту і мы троху размаўляем пра ягоную незвычайную музыку.

Дзянісу Жураўлёву 33 гады. Ён родам з Мастоў, што ў Гарадзенскай вобласці. Палову жыцця галоўны занятак хлопца – музыка. Ён тры гады грае ў вядомым гурце «KRYWI».

Дзяніс выступаў і ў досыць моцным фолк-фьюжн гурце «Джамбібум», пакуль той не распаўся.

Цяпер хлопец падпрацоўвае кур’ерам у фірме, але пра гэта ён гаворыць як бы паміж справай.

«Я натхніўся аўстралійскім бітбоксерам. Пасля «Джамбібуму» ў мяне засталася цэлая база народных песняў. Хацеў зрабіць усё ў нагу з часам – як спалучыць іх з бітом?» – расказвае пра ідэю бітбоксіць фольк Дзяніс.

Хлопец дасягае арыгінальнага гучання з дапамогай луп-станцыі і працэсара эфектаў. Дзяніс спявае – тэхніка запісвае ў рэжыме рэальнага часу. Выступоўца пераходзіць на іншую партыю – луп-станцыя запісвае новую мелодыю і адначасова прайгравае папярэднюю. З аўтэнтычных інструментаў Дзяніс выкарыстоўвае блок-флейту і варган. Ёсць яшчэ і армянскі дудук, аднак ён не для вуліцы. Проста на вачах людзей Дзяніс стварае музычны эфект прысутнасці цэлага гурта.

Дзяніса абступілі мінакі ды здымаюць на тэлефон. Падлеткі, што тусуюцца пад «Бургер Кінгам», ужо добра залітыя півам, пад музыку разнявольваюцца яшчэ хутчэй. Хоць хапае цікаўных і з больш прыстойнай публікі. Пакуль мы слухалі Дзяніса, да нас некалькі разоў падыходзілі заможна апранутыя маладыя людзі ды пыталіся назву ягонай музыкі. Адна жанчына сказала, што раней чула Дзяніса на Зыбіцкай ды не змагла знайсці яго ў сацыяльных сетках.

Рэпертуар Дзяніса – некаторыя песні рэггі-гурта «Хай Так», дзе Дзяніс таксама выступае, ды аўтарскія. Аднак безумоўны цвік праграмы – беларускія народныя ў жанры бітбокс.

«Дзеўкі каліну рвалі, калінавы мост масцілі…» пад эфект драм машыны – гучыць сапраўды фантастычна. Дзяніс назваў свой праект «Ethno_Beat».

Пакуль канчаткова не пахаладала, хлопец часта выступае на вуліцах. «Я раблю тое, што ўмею, на людзях. Па-мойму, гэта цудоўна, – кажа ён. – Гэта і рэпетыцыя на публіцы, і грошы можна зарабіць».

З міліцыяй у вулічнага музыкі канфліктаў амаль не ўзнікае. Аднойчы перад выбарамі яго прагналі з Зыбіцкай.

«Падышлі і кажуць «У цябе голас пастаўлены. Мы цябе ведаем. Ідзі сёння лепей на «Бургер», тут не грай», – расказвае Дзяніс Жураўлёў.

Хлопец грае тры гадзіны, пакуль трымае акамулятар: тры сэты па 40 хвілін. У перапынках на перакур рассоўвае па кішэнях драбязу і купюры, што накідалі ў заплечнік выпадковыя слухачы. Разам з намі да канца выступу дачакаўся маладзён, што прадставіўся адным з арганізатараў гульні «Мазгабойня», зняў на планшэт, запісаў адрас групы, пазнаёміўся з Дзянісам асабіста: «Ён класна грае! Думаю, ён і імправізаваць умее. Пакажу яго нашым».

Усе фотаздымкі

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары