«Вуліца Карпюка далася з баямі». Чые прозвішчы віднеюць на шыльдах у Горадні?


Што значыць для гарадзенскай тапанімікі ліквідацыя вуліцы Паўліка Марозава, а таксама з’яўленне на гарадской мапе прозвішчаў Цыхуна і Карпюка?

Пра ліквідацыю ў Горадні вуліцы Паўліка Марозава пісала шмат медыяў. Яшчэ больш шалу выклікала сімвалічнае ўключэнне яе рэштак у склад вуліцы Каліноўскага. І тут жа новыя вуліцы, названыя ў гонар беларускіх дзеячаў: Карпюка, Цыхуна

Наколькі апраўданы тапанімічны аптымізм у маштабах аднаго абласнога цэнтру? Па каментар Belsat.eu звярнуўся да гісторыка Алеся Госцева, які быў сябрам тапанімічнай камісіі на пераломе 80-90-ых гадоў.

Яшчэ ў тыя часы Алесь Пятровіч склаў план перайменаванняў, у якім было тры графы: сучасная назва вуліцы ці плошчы, гістарычныя адпаведнікі, новая назва. Агулам у плане фігуравала ажно 80 аб’ектаў – праца была зробленая тытанічная:

«Я наўпрост браў мапу 1937 года і хадзіў па горадзе, збіраў матэрыял, – распавядае Госцеў. – Уся праца рабілася пад замову гарвыканкаму, мне нават далі адмысловы кампютар – раскоша на той час!»

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Пытанне пра перайменаванне вуліцы Паўліка Марозава ставілася яшчэ тады, але ў той час дамоў там стаяла куды болей – зараз жа застаўся толькі адзін. Яго і «далучылі» да вуліцы Каліноўскага ў рамках аптымізацыі.

Разам з тым Горадня аказалася сапраўды ўнікальным горадам, у якім, напрыклад, вуліцы Касцюшкі і Каліноўскага ператрывалі яшчэ з міжваеннага часу і ніхто іх не скасоўваў. А вось з вуліцай Ясінскага прыйшлося цяжка…

«Паводле майго праекту вуліца Талстога мелася стаць вуліцай Ясінскага, – узгадвае Алесь Пятровіч. – І вось, сяджу сабе, працую ў мэрыі, а тут: адчыняюцца дзверы і ўрываюцца ветэраны з крыкамі: «Вы уже и до Толстого добрались? Чем он вам мешает?!» Так і засталася Талстога…»

Зараз у Горадні цэлы шэраг вуліцаў, названыя імёнамі паўстанцаў: частка – старыя польскія назвы, частка – новыя. Вуліцы Абрэмбскага і Орды, напрыклад, з’явіліся ў новых раёнах. Вострае пытанне з назовамі паўстала падчас пашырэння межаў гораду за кошт навабудаў ды ўключаных у рысу гораду вёсачак.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Паводле маёй задумы, гістарычныя дзеячы маюць быць увекавечаныя ўсё ж такі бліжэй да цэнтру гораду, – тлумачыць Госцеў. – А цяпер я бачу, што матэрыяламі і прозвішчамі з майго плану карыстаюцца, але для таго, каб назваць нешта на ўскраінах».

Пра вуліцу Аляксея Карпюка, якая цяпер будуецца ў новых раёнах, казалася і раней. Праспект у гонар беларускага пісьменніка, меў паўстаць замест маштабнай вуліцы Горкага, якая цягнецца з цэнтру да самых гарадскіх межаў. З такой ініцыятывай гісторыкі, у тым ліку Госцеў, звярнуліся да гарадскіх уладаў у 2009-м, але атрымалі «адлуп».

У дзяржаўнай прэсе нават пачалі з’яўляцца рэплікі ветэранаў, маўляў, «я жыў на вуліцы Горкага ўсё жыццё, не трэба яе пераймяноўваць…» Але на Горкага жыў і сам Аляксей Нічыпаравіч, пісьменнік, франтавік і дысідэнт – тут сэнсавая прывязка была б бясспрэчнай.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Больш за тое, Іна Анатолеўна, удава Карпюка, жалілася мне, што на балконе на Горкага ўжо які год ляжыць мемарыяльная шыльда для дому, дзе ён жыў. – узгадвае Госцеў. – Ніхто яе так і не павесіў, хоць адпаведнае рашэнне гарвыканкаму ёсць».

З вуліцай Цыхуна, якая праектуецца, усё прасцей. Такая вуліца мае з’явіцца ў раёне занёманскай Альшанкі, што не парушае лагічнага ланцужка:

«Апанас Пятровіч Цыхун, краязнавец і даследчык, паходзіў з вёскі Лашы, таксама па тым баку Нёмну. Таму і вуліца ў тых краях ў яго гонар выглядае цалкам дарэчнай».

Пра сурёзныя тапанімічныя зрухі, пры ўсім гэтым, казаць цяжка: грунтоўны план Госцева з пачатку 90-ых, калі і выкарыстоўваецца, то фрагментарна, геаграфія цэнтру гораду па-ранейшаму застаецца савецкай. Вуліцы Вітаўта Вялікага і праспект Тарашкевіча – надалей з’яўляюцца фантомнымі: рашэнні па перайменаваннях прынятыя больш за 20 год таму, але ніводнай шыльдачкі так і не замянілі.

Самай чаканай вуліцай для гарадзенцаў застаецца па-ранейшаму вуліца Быкава – марнае абяцанне гарадскіх уладаў і няспраўджаная пакуль мара жыхароў.

Паводле пастановы гарадскіх уладаў, новыя вуліцы Горадні будуць насіць назвы ў гонар некаторых беларускіх пісьменнікаў: Максіма Танка, Янкі Маўра, Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы ды іншых.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў