«Вольскі даў дазвол». Выходзіць новая настолка «На трох кітах»


Сёння на «Талацэ» стартуе збор сродкаў на яе вытворчасць.

Настольная гульня «На трох кітах» ад творчага згуртавання «А-чатыры» ужо гатовая да серыйнага выпуску. Зараз распачынаецца кампанія па збору сродкаў на яе вытворчасць. У рэалізацыі ідэі гарадзенцам дапамагае «Талака».

«На трох кітах». Праект упакоўкі.

Драўляная настолка для ўсёй сям’і

«Першая наша настолка – «Паўстанцы», – распавядае Антось Янкоўскі, уладальнік крамы настольных гульняў «Кубік». – Пасля мы зрабілі «Мову» і «Гаспадара цмокаў». Пазней вырашылі рабіць драўляныя настолкі. Першай – была «Вежа», а цяпер «На трох кітах», абедзве яны – драўляныя».

Антось Янкоўскі і ягоная гульня.

«На трох кітах» – гульня для ўсёй сям’і. Правілы адмыслова рабіліся вельмі простымі, каб кожны сямейнік зразумеў іх за хвіліну. Праца над гульнёй вялася каля году.

«Мы распрацоўвалі мноства дэталяў, разважалі, як лепей працаваць з дрэвам, – кажа Янкоўскі. – Зараз выходзіць прадукт, які хутка змогуць убачыць аматары настолак».

Гуляць у «На трох кітах» можна кампаніяй да 6 чалавек, прыкладны час – 10–15 хвілінаў. Гульня складаецца з 6 драўляных дыскаў, 6 драўляных брускоў, 30 драўляных шайбачак, 1 драўлянага кубіку – ён вызначае лёс размяшчэння дэталяў.

Калі драўляная канструкцыя развалілася або калі ўсе дэталі выстаўленыя – гульня заканчваецца.

Што рабіць, каб выйграць? Галоўны сэнс – выставіць усе дэталі і не разваліць драўляную канструкцыю. У працэсе трэба выставіць драўляны слуп і пакласці на яго дыск, затым абраць удзельніка, які пачне гульню. Гулец кідае кубік, які вызначае від дэталі, якая будзе выкарыстаная. Затым трэба выставіць вызначаную дэталь на канструкцыю.

Кубік з «Трох кітоў».

Гульня заканчваецца тады, калі драўляная канструкцыя развалілася, або калі ўсе дэталі выстаўленыя. Апошняя дэталь – кубік, ён выстаўляецца наверсе ўсё канструкцыі.

Вольскі дазволіў скарыстацца цытатай

«Гэтую гульню мы адмыслова прысвяцілі да міжнароднага дня Роднай мовы. Назва – адмысловая. З 10 па 20 лютага мы запускаем акцыю «Наша месца на трох кітах» на «Талацэ» па зборы грошаў на выданне гэтай гульні. Тым, хто падтрымае выхад гульні, арганізатары аддзячаць сувенірнай прадукцыяй, як паштоўкамі ці драўлянымі гадзіннікамі.

Падтрымаць выпуск «Трох кітоў» можна на «Талацэ» да 20 лютага.

Стваральнікі гульні выказваюць падзяку знакамітаму музыку Лявону Вольскаму, які даў дазвол на выкарыстанне фразы са сваёй самай вядомай песні.

Здабыўшы папулярнасць у беларускіх аматараў настолак, Антось не збіраецца спыняцца ды абяцае чарговыя беларускамоўныя настолкі для аматараў такога адпачынку.

«Мы спадзяемся, што гульня з такой рамантычнай назвай зможа чарговы раз аб’яднаць беларусаў», – дадае Антось. – Хутка будуць і іншыя беларускамоўныя настолкі».

«На трох кітах» – толькі экалагічна чыстыя матэрыялы.

Настольным гульнямі Антось захапляецца здаўна, з цягам часу яму захацелася стварыць настолку з нацыянальным каларытам: «Мы гулялі ў настолкі і задаліся пытаннем пра беларускія настолкі. Тады мы вырашылі стварыць «Паўстанцаў». Потым мы адчынілі краму, выпусцілі новую гульню, а зараз стварылі сваё згуртаванне і займаемся сурёзным выпускам настольных гульняў. Спадзяемся, што сёлета пацешым добрай пяцёркай, а можа і дзясяткай настольных гульняў – як картачных, гэтак і драўляных».

МД

Стужка навінаў