Віктар Малышчыц: Як я стаў экстрэмістам


Віктар Малышчыц падчас працы. Фота з асабістага архіву.

Беларускі астраном і фотамастак распавёў, як праз жаданне зняць Прыпяць яму прыйшлося мець дачыненне з міліцыяй і КДБ.

«Пазаўчора еду ў Прыпяцкі нацыянальны парк зрабіць некалькі здымкаў Прыпяці на досвітку. Месцы, куды я еду, – агульнадаступныя, не запаведныя. Адно толькі – на ўездзе стаіць КПП, дзе трэба адзначыцца. Штодня там праязджаюць дзясяткі рыбакоў і мясцовых жыхароў – ніякіх праблем няма», – распавядае ў сваім «Фэйсбуку» навуковец і фатограф Віктар Малышчыц пра тое, чым скончылася ідэя паздымаць Прыпяць і яе правы прыток, Убарць.

«Падʼязджаю туды а 4-й раніцы. «Куды едзеце?» – стандартнае пытанне. «У Перакоп, Прыпяць ад вёскі паздымаць». Усё. Паздымаць. Экстрэміст, значыць. Шлагбаум для мяне ўжо не адчыняецца, а мне ветліва прапаноўваюць атрымаць пропуск у зону (не запаведную!) у адміністрацыі ў Ляскавічах, да якой 55 кіламетраў.

Еду ў Ляскавічы. Там мяне накіроўваюць у аддзел турызму, дзе шчыра здзіўляюцца маёй праблеме, бо пропуск там не патрэбны. На просьбу выпісаць хоць нейкую паперку пытаюцца, чаго я прыехаў.

Пачуўшы пра фота, палохаюцца і клічуць нейкага начальніка. Той, даведаўшыся пра фота, палохаецца і шле яшчэ да аднаго.

Гэтаму таксама страшна даць дазвол на фатаграфаванне таго, што і так можна законна здымаць, і ён робіць ход канём: дазвол толькі з блаславення генеральнага дырэктара! Ага, кожны рыбак таксама да гендырэктара ходзіць?

Дырэктар таксама здзіўляецца маім праблемам і загадвае напісаць мне дазвол на здымкі. На КПП новая змена, якая нават не спыняе мяне, а проста моўчкі падымае шлагбаум. Я, праўда, не моцна пакрыўдзіўся, бо цяпер з той паперкай мог лезці куды заўгодна ў парку, чым адразу і скарыстаўся.

На наступны дзень еду на раку Убарць, каб паздымаць яе пойму. Там ужо памежная зона, але да мяжы больш за дзясятак кіламетраў. Бяру з сабой пашпарт, квітанцыю аб аплаце спагнання – наперад! Але праблемы пачынаюцца за першым жа паваротам.

Патруль памежнікаў спыняе праверыць дакументы. З імі ўсё ў парадку, дзяжурнае пытанне: «З якой мэтай прыехалі?» «Паздымаць Убарць». Ага. Паздымаць. Падазрона пачынае разглядаць змесціва машыны, і тут позірк памежніка натыкаецца на коптэр.

Коптэр з фотаапаратам – гэта ўжо не экстрэмізм, гэта, блін, ужо тэрарызмам пахне.

І хоць я нічога дрэннага зрабіць не паспеў, сяржант вырашае пракансультавацца з базай, перш чым мяне адпусціць», – піша фатограф.

«На базе, пачуўшы словы «фота» і «коптэр», таксама палохаюцца і вырашаюць пракансультавацца ў калегаў. А тыя, баючыся, адказнасці, пытаюцца ў Мазыра. А калі з нейкай глухмені адпраўляюць запыт у Мазыр, значыць справа сурʼёзнаяаб’яўляецца сігнал «У ружжо!», да мяне выязджае яшчэ адзін нарад з панятымі, у частку накіроўваюцца міліцыя і КДБ. А Мазыр, баючыся ўзяць адказнасць, шле запыт у Менск. Цікава, Галоўнакамандуючаму перадалі ці не?» – задаецца пытаннем творца.

«А ў Менску ўжо разумеюць – з дробязямі да іх не звернуцца. Таму цэлую гадзіну шукаюць, да чаго б дачапіцца. Знайшлі. Згодна з пастановай, з мінулага лета забараняецца ўвоз у памежную зону лятальных апаратаў, цяжэйшых за 1 кг. А ў мяне толькі камера больш важыць. Таму паводле загаду зверху распачынаецца адміністратыўная справа, складаецца куча пратаколаў, тэхніка канфіскуецца, а мяне чакаюць пад Мазыром у вёсцы Прудок у аўторак на разбіральніцтва. Ну хоць убачу гэты Прудок не толькі вачыма шаноўнага Андруся Горвата», – піша Малышчыц.

«Дарэчы, быў здзіўлены ветлівасцю мясцовых памежнікаў. І гарбатай з пячэннем паілі, і вячэраць прапаноўвалі, і экскурсію па частцы зрабілі, і на тэму «Беларуская мова – аснова дзяржаўнай бяспекі» самі першыя пачалі размаўляць. І яшчэ доўга выбачаліся за ўсю гэтую гісторыю. Кажуць, ведалі б, які вэрхал тут пачнецца, адпусцілі б мяне ціхенька і ўсё», – падсумоўвае Віктар.

Віктар Малышчыц – астраном і фатограф начнога неба. Ягоныя таймлэпсы, знятыя ва ўсёй Беларусі, збіраюць дзясяткі тысяч праглядаў на «YouTube». Летась мастак працаваў над новым графічным афармленнем нашага тэлеканалу. «Зорныя» застаўкі ў эфіры «Белсату» – ягоныя творы.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары