Ветэран Другой сусветнай вайны ўзняў бел-чырвона-белы сцяг у Менску


Зміцер Дашкевіч у сваім «Facebookʼу» падзяліўся ўражаннямі пра сённяшні збор подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Зміцер ад 19 верасня ладзіць збор подпісаў у Менску, а сёння правёў пікет ля ўніверсама «Цэнтральны» ў цэнтры сталіцы.

«Подпісы збіраліся сёння вельмі добра і бадзёра. Толькі ў мяне за гадзін шэсць працы каля 250 подпісаў – па 40 подпісаў за гадзіну. Зборшчыкаў было сёння ад трох да шасці ў розны перыяд часу і агулам подпісаў каля ўніверсаму «Цэнтральны» сабрана блізу тысячы. Радуе, што многія заслужаныя і вядомыя людзі прыйшлі падпісацца за #нашсцяг І ёсць сярод гэтых подпісаў самы дарагі для нас сёння.

Ветэран Другой сусветнай вайны Сурын Мікалай павольна ішоў да бел-чырвона-белага пікета па ходніках праспекта, параўняўся, выпрастаўся і папрасіў падпісны аркуш. 91-гадовы партызан адмыслова для гэтай місіі апрануў усе баявыя ўзнагароды, а на развітанне ўзняў над Менскам бел-чырвона-белы сцяг. Ён выглядаў велічна – нават воўчая зграя не асмелілася кінуцца да яго і скласці пратакол».

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Глядзі таксама
Каментары