Варшавякаў пазнаёмяць з беларускай кухняй


Фуд-трак «Кухні канфлікту»

На вуліцы ў Варшаве запусцілі незвычайны кулінарны праект.

Ён называецца «Кухня канфлікту». У яго межах мігранты і ўцекачы, якія жывуць у Польшчу частуюць мінакоў стравамі сваіх краінаў. Ежа гатуецца і падаецца з «фуд-траку», які стаіць наўпрост на адной з варшаўскіх вуліц. Аўтары ідэі – тры маладых польскіх прадпрымальнікі. Сваёй справай яны намагаюцца несці пэўную сацыяльную місію: бяруць на працу замежнікаў, якім часам складана знайсці нейкі заробак, пры гэтым распавядаюць гісторыі замежнікаў у Польшчы.

Учора адбылося першае спатканне «Кухні канфлікту». Яго ўдзельнікамі сталі восем асобаў, сярод якіх вядоўца «Белсату», кулінарная блогерка Аліна Коўшык.

У «Кухні канфлікту» яна адказвае за культурную частку. Аліна абяцае зладзіць у хуткім часе паказ беларускага фільму, і, вядома, гатаванне беларускай ежы.

Учора ж «Кухня канфлікту» пачаставала мінакоў мясам па-чачэнску і пакістанскай стравай Алу Паратха.

Мяркуецца, што такі праект дапаможа замежнікам больш даведацца пра польскую культуру, а палякам – пра замежную культуру.

Сродкі на ініцыятыву збіраюцца ў інтэрнэце з дапамогай краўндфандынгавай кампаніі.

НМ, belsat.eu, фотаздымкі facebook.com/kuchniakonfliktu/

Стужка навінаў