Ва ўчастковых выбарчых камісіях толькі каля 0,5 % – прадстаўнікі апазіцыі


Права ўдзельнічаць у кантролі за выбарамі, паводле заканадаўства, мае кожны поўнагадовы грамадзянін. Але ці сапраўды кожны? І ці дазволяць улады сачыць за выбарчым працэсам незалежным назіральнікам? Зрэшты, нават ад пачатку выбарчай кампаніі частка дэмакратычных сілаў прызнала выбары ўжо сфальсіфікаванымі.

Кампанія «Права выбару – 2015», куды ўвайшло 8 апазіцыйных арганізацыяў, абвесціла вынікі трэцяга этапу незалежнага назірання. І яны несуцешныя. У Беларусі ўтвораныя 6 тыс. участковых выбарчых камісіяў. У іх склад увайшло больш за 60 тыс. чалавек. Ад кампаніі «Права выбару» да назірання ў выбарчыя ўчасткі дапусцілі ўсяго 6 чалавек.

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, «ПРАВА ВЫБАРУ – 2015»:

«Грубейшае парушэнне і зніжэнне квоты ад апазіцыі, і практычна апазіцыя зараз прадстаўлена ў 0,5 % ва ўчастковых выбарчых камісій з усяго складу выбарчай камісіі, можна сказаць, што апазіцыі ў складзе выбарчых камісій няма і рыхтуюцца грубейшыя фальсіфікацыі выбараў».

Сярод іх ужо зафіксаваныя фальсіфікацыі подпісаў у выбарчыя камісіі, выкарыстанне праўладнымі кандыдатамі адміністрацыйнага рэсурсу для іх збору, напады на выбарчыя апазіцыйныя пікеты, нядопуск дэмакратычнай часткі грамадства ва ўчастковыя і тэрытарыяльныя камісіі. Усё гэта – толькі вынік асноўнай, больш глабальнай праблемы.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БХД:

«Самае галоўнае парушэнне, на якое сёння заплюшчвае вочы нават міжнародная супольнасць, гэта тое, што Аляксандр Лукашэнка балатуецца на бясконцую колькасць тэрмінаў. Яго наяўнасць у спісе, яго рэгістрацыя – гэта і ёсць самым галоўным парушэннем».

Разам з кіраўніком дзяржавы ў ЦВК 100 тыс. подпісаў здалі Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Віктар Цярэшчанка. Іхная выбарчая гонка яшчэ не пачалася, а парушэнні ўжо навідавоку.

Дык ці ёсць сэнс незалежным назіральнікам сачыць за выбарамі? Тым больш, у Беларусі на сёння не існуе структуры для абскарджання парушэнняў.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БХД:

«Паскардзіцца ў ЦВК, што заканадаўствам прадугледжана, бессэнсоўна. Мы ведаем, хто такая Лідзія Ярмошына і яе высновы. Скардзіцца на ЦВК у суд? Мы ведаем што ў Беларусі няма незалежных судоў. Мы будзем пісаць скаргі, але таксама паказваць, што ні ЦВК, ні суды незалежныя не працуюць».

Але і міжнародная супольнасць губляе да беларускіх выбараў цікаўнасць. Назіраць за імі будуць каля 800 асобаў ад АБСЕ і СНД, а гэта – удвая менш, чым на выбарах мінулых. У ЦВК гэта тлумачаць тым, што паралельна з выбарамі ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары ў Кыргызстане і Азербайджане.

Каго з кандыдатаў зарэгіструюць – мы даведаемся ў сярэдзіне верасня. Агітацыйная кампанія за кандыдатаў, згодна з інфармацыяй ЦВК, распачнецца 17-га верасня.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Стужка навінаў