Урад зацвердзіў план па кампенсацыі беларусамі затрат на паслугі ЖКГ і транспарту


У бліжэйшыя пяць гадоў урад мае намер выйсці на поўнае пакрыццё насельніцтвам затрат на аказанне паслуг ЖКГ і паштовай сувязі, істотна павысіць кошт транспарту. Пры гэтым нагрузка на рэальны сектар эканомікі павінна сіметрычна знізіцца.

Гэта вынікае з комплексу мер па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, зацверджаных пастановай ураду № 18.

Павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі плануецца давесці да канца бягучага года да 75% кампенсацыі затрат на іх аказанне насельніцтву. Да канца 2018-га года – да 100%.

У 2018 годзе плануецца, што беларусы будуць кампенсаваць транспартныя паслугі не менш чым на 70%. Такі ўзровень хочуць захаваць і ў 2019-2020 гадах.

Да 2020 года хочуць павысіць рэгуляваныя тарыфы на паслугі электрасувязі і паштовай сувязі (з улікам зніжэння выдаткаў) да 100% кампенсацыі выдаткаў на іх аказанне насельніцтвам.

У дакуменце таксама гаворка і аб скарачэнні перакрыжаванага субсідавання з 2019 года. Гэта азначае зніжэнне цэнаў і тарыфаў для рэальнага сектара эканомікі.

Як адзначае tut.by, пытанне павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарту зʼяўляецца прадметам перамоваў уладаў Беларусі з Міжнародным валютным фондам. Беларускі ўрад збіраўся расцягнуць гэтыя змены да 2020 года, МВФ настойваў на 18 месяцах. Атрымліваецца, што Менск у надзеі атрымаць крэдыт (3 млрд долараў) вырашыў выканаць патрабаванне МВФ.

ДР belsat.eu 

Глядзі таксама
Каментары