Урад пастановаю забараніў павышаць кошты на тавары і тарыфы


Савет міністраў Беларусі ўвёў мараторый на павышэнне коштаў на спажывецкія тавары, а таксама на павышэнне тарыфаў на паслугі арганізацыяў, якія дамінуюць на таварным рынку.

Гэтае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Саўміна N2017 ад 19 снежня.

Згодна з дакументам усім міністэрствам, канцэрнам і іншым дзяржаўным арганізацыям даручана «не дапускаць росту адпускных цэнаў на тавары, што вырабляюцца падпарадкаванымі арганізацыямі».

«Папярэдзіць кіраўнікоў названых дзяржаўных органаў і арганізацыяў аб персанальнай адказнасці за выкананне гэтага даручэння», – падкрэсліваецца ў пастанове.

Таксама Міністэрству эканомікі даручана ўвесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполіяў ды субектаў гаспадарання, якія дамінуюць на таварным рынку.

Дзяржаўны памежны камітэт і міліцыя маюць забяспечыць спыненне нелегальных паставак тавараў з-за межаў Беларусі.

19 снежня Нацбанк абвясціў аб увядзенні ў краіне часовага 30-адсоткавага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Дадзенае рашэнне, а таксама дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва прывялі да росту цэнаў на спажывецкім рынку, а таксама да ўсплёску пакупніцкага попыту на прадукцыю, рублёвыя цэны на якую яшчэ не паспелі змяніць, падкрэслівае БелаПАН.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by, БелаПАН

Стужка навінаў