Урад абкрадае пенсіянераў?


Перадвыбарчы падарунак пенсіянерам. З 1-га верасня выплаты грамадзянам, якія сышлі на заслужаны адпачынак па ўзросце, павялічацца на 5 %.

Апошні раз працоўныя пенсіі павялічваліся летась у лістападзе. У студзені 2015 года рэальная пенсія была на 2 % меншая, чым за год да гэтага. У ліпені разрыў скараціўся да 0,2 %, дзякуючы нізкай базе ў аналагічны перыяд 2014-га.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

«Гэтае павышэнне наспела і ўжо даўно пераспела. Бо кошты на тавары народнага спажывання ўжо ўзраслі амаль што на 10 %».

Праўда, паводле афіцыйнай версіі, грошай на пенсіі не хапае з прычыны крызісу, і нават на цяперашняе сціплае павелічэнне нібыта ўдалося наскрэбці бюджэтных грошай толькі дзякуючы адмысловаму загаду Лукашэнкі, дадзенаму міністру працы на нарадзе 24 ліпеня.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Раз заробак – не такі вялікі, значыць, у нас і пенсіі, адпаведным чынам, яны прывязаныя да заробку. Ад заробку людзі плацяць сацыяльны падатак, і гэтак далей. Таму я хацеў бы пачуць ад ураду як справы з фармаваннем фонду сацыяльнай абароны».

А вось з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва акурат усё недрэнна. Летась яго бюджэт быў выкананы з прафіцытам амаль на чвэрць трыльёна рублёў. То бок беларусы заплацілі ў яго са сваіх заробкаў больш грошай, чым было выплачана пенсіяў. З лістапада мінулага года, калі ўрад падымаў пенсіі апошні раз, сярэдні намінальны заробак, нягледзячы на крызіс, павялічыўся на 13 %. Выплаты ў фонд, адпаведна, мелі вырасці на столькі ж. Чаму ж тады пенсіі павялічваюцца цяпер усяго на 5 %? Складаецца ўражанне, што грошы, якія грамадзяне плацяць на пенсіі, патрэбныя ўладам і на іншыя мэты.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

«Сёння можна казаць пра тое, што для бюджэту любыя дадатковыя выдаткі – яны цяжкія. Але неяк прыйдзецца спраўляцца».

Між тым, паводле Белстату, з пачатку года рост коштаў абагнаў павелічэнне пенсіяў у паўтара раза.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Ну, відавочна, гэта звязана з інфляцыяй коштаў. З павелічэннем росту долара. І гэтая пенсія ніяк не можа выраўняцца ў адносінах коштаў на прадукты, на тавары і на ўсё астатняе».

«Хацелася б, вядома, каб больш было гэтай пенсіі, але, тым не менш, і гэта радуе. Галоўнае, каб кошты не павялічваліся».

«Кажуць, што пасля выбараў будзе вельмі цяжка жыць. Як там будзе, Бог яго ведае».

Праўда, у параўнанні з краінамі СНД пенсіі ў Беларусі даволі высокія – на чацвёртым месцы пасля трох краінаў-экспарцёрак нафты. Але і адлічэнні працадаўцы ў Фонд сацыяльнай абароны ў нашай краіне – у паўтара раза вышэйшыя, чым, напрыклад, у Казахстане.

Беларускія сацыяльныя адлічэнні з заробкаў – параўнальныя з, напрыклад, Літвою ці Польшчаю, дзе пенсіі, аднак, утрая вышэйшыя. Адна з прычынаў – у тым, што на Захадзе – назапашвальная пенсійная сістэма. То бок, сацыяльныя выплаты, якія грамадзянін робіць у працоўным веку, чакаюць у бяспецы ягонага выхаду на пенсію, а не аддаюцца ў рукі чыноўнікам на затыканне бюджэтных дзірак.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў