Нашая заходняя суседка павялічыла выдаткі на абарону і стварыла новы від войска, які будзе абапірацца на патрыятычна выхаваную моладзь. Чаму ўзбраенню і экіпіроўцы Войскаў тэрытарыяльнай абароны зайздросцяць прафесійныя жаўнеры – Сяргей Пеляса спраўдзіў на кірмашы Pro Defence.
У Польшчы паралельна з сухапутнымі, паветранымі, марскімі і спецыяльнымі сіламі ад гэтага года сёлета дзеюць Войскі тэрытарыяльнай абароны – у выпадку агрэсіі яны будуць дапамагаць аперацыйным сілам бараніць мяжу, ахоўваць стратэгічныя аб’екты, забяспечваць бяспеку дэсанту хаўруснікаў, ладзіць інфармацыйныя кампаніі сярод насельніцтва і вырашаць безліч іншых праблемаў ваеннага часу.
Ідэя новага віду войска ў Польшчы паўстала практычна адразу пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны, афіцыйна яны ўтварыліся 1 студзеня 2017 года.
Тры першыя брыгады тэрытарыяльнай абароны стаяць у Беластоку, Любліне і Жэшуве – то бок, пільнуюць усходнюю мяжу краіны. Першыя прысягі там прагучалі ўсяго два тыдні таму.
Міністэрства абароны Польшчы разлічвае, што базай «тэрытарыялсаў» стануць сябры грамадскіх абарончых фармаванняў, а таксама кадэты.
Увосень у школах пачнецца эксперыментальныя праграма падрыхтоўкі добраахвотнікаў.
Агітацыйная кампанія ўжо распачалася – у Аструдзе ўзнагародзілі ўдзельнікаў конкурсу відэакліпаў і фотаздымкаў на тэму абароны краіны. Першае месца заняло відэа пра студэнтку Лодзкага палітэхнічнага інстытуту, якая ў вольны час бярэ ўдзел у абарончым фармаванні як стралок.
Камандуючы Войскамі тэрытарыяльнай абароны генерал Веслаў Кукула заяўляе, што ТА прызначаныя «да абароны і падтрымання лакальных супольнасцяў – і гэта вызначае іхнае абсталяванне».
Яны будуць лёгкай пяхотай. Некаторыя кажуць што нават ультралёгкай пяхотай, кажа генерал.
На гэтым тыдні ў Аструдзе на поўначы Польшчы праходзіць кадэцкі летнік, якому спадарожнічае Pro Defence – першы кірмаш узбраення Войска тэрытарыяльнай абароны. Тут выстаўленая зброя, форма, абутак і абсталяванне для новага віду войскаў.
Сяргей Пеляса наведаў выставу і спраўдзіў на сваіх плячах, колькі важыць заплечнік з мінамётам.
Рэпартаж упершыню выйшаў у эфіры «Белсату» 2 чэрвеня.